Традыцыя працягваецца: Харавое веча

Зводны хор гала-канцэрта «Харавое веча»

16 верасня ля сцен Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь адбыўся заключны канцэрт агульнарэспубліканскай акцыі «Харавое веча», арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам. Мэта свята — прадставіць нацыянальную культуру скрозь прызму часу, паказаць песенную спадчыну беларускага народа. У канцэрце прынялі ўдзел 78 вядучых прафесійных, аматарскіх, дзіцячых і студэнцкіх харавых калектываў з розных рэгіёнаў краіны; больш за 2 тысячы спевакоў сабраліся разам, каб саткаць сваімі галасамі грандыёзнае агульнае музычнае палатно.

Віншавальнае слова намесніка старшыні Мінгарвыканкама І.В.Юркевіча

Сёлета “Харавое веча” праводзілася пры садзейнічанні Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Са словамі прывітання да ўдзельнікаў і гледачоў харавога свята звярнуліся першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь І.У. Дрыга, намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта І.В. Юркевіч і начальнік упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь А.М. Мацюшонак.

Заключнаму этапу акцыі ў Мінску папярэднічалі мерапрыемствы, якія прайшлі ў маі ў Брэсце, Маладзечне, Магілёве, Віцебску, Мінску і Гомелі. У гэтых гарадах адбыліся серыі канцэртаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча, а таксама майстар-класы народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Дрынеўскага і ініцыятара акцыі, дацэнта кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Тамары Слабодчыкавай.

Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі — галоўны хормайстар гала-канцэрта

Праграма гала-канцэрта ахоплівала музычна-песенную культуру Беларусі, пачынаючы з XVI стагоддзя да твораў сучасных беларускіх кампазітараў. Абрамленнем гала-канцэрта сталі песні кампазітара Уладзіміра Алоўнікава. Адкрыўся канцэрт гімнам гораду, яго 950-гадоваму юбілею — «Песняй пра Мінск», дырыжор — Аляксей Снітко. Асноўная ідэя гала-канцэрта сугучна вершам беларускага песняра Янкі Купалы «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына …»: спадчына ў розныя перыяды жыцця дзяржавы, як напамін кожнаму з нас зберагчы і прымножыць скарб, пакінуты мінулымі пакаленнямі. Гэты заклік прагучаў ва ўвесь голас у выкананні песні І. Лучанка на сл. Я. Купалы «Спадчына» (дырыжор — Наталля Міхайлава).

«Салаўі», саліст Андрэй Мацюшонак, дырыжор Аляксей Снітко.

«Падарожжа ў часе» па старонках гісторыі краіны ахапіла:эпоху Рэнесанса і ранняга барока (кант «Успамажы, Божа»), падзеі на рубяжы XVIII — XIX стагоддзяў (Паланэз М.-К. Агінскага «Развітанне з Радзімай»),пачатак XX стагоддзя і выхад на вялікую сцэну народных песень, упершыню прадстаўленых у п’есе Янкі Купалы «Паўлінка» («Што за месяц, што за ясны», «Як правёў мяне Цімох»). Тэма рэвалюцыі загучала ў маршы з «Патэтычнай араторыі» Георгія Свірыдава; аб рамантыцы былых часоў, чырвоным сцягу і белым ветразі, гераізме салдат у гады Вялікай Айчыннай вайны спявалі тысячы хлапечых галасоў зводнага хору. Тэма Вялікай Айчыннай вайны, падполля, памяці знайшла свой працяг у песні Марыны з кінафільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы» — дырыжор Іна Маргачова, «Беларусь партызанская» — дырыжор Міхаіл Дрынеўскі, «Салаўі» — дырыжор Аляксей Снітко.

Гістарычны калейдаскоп пасляваенных падзей, палёту чалавека ў космас, інтанацый народных песень на сучасным этапе («Радзіма чуе» Д. Шастаковіча — дырыжор Інэса Бадзяка, «Вяснянка» А. Мдзівані — дырыжор Тамара Слабодчыкава, «Белавежская пушча» А. Пахмутавай — дырыжор Наталля Суханова, «Саўка ды Грышка» — дырыжор Вольга Крыпец) завяршыўся апафеозам патрыятызму — заключнай песняй У. Алоўнікава «Радзіма мая дарагая», якой дырыжыраваў галоўны хормайстар гала-канцэрта Міхаіл Дрынеўскі. Песня прагучала ў выкананні зводнага хору ўдзельнікаў канцэрта і сімфанічнага аркестра Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, дырыжор Вячаслаў Чарнуха-Воліч.

Узнагароджанне дыпломамі кіраўнікоў харавых калектываў

Многія песенна-харавыя шэдэўры беларускай, рускай і савецкай музыкі былі вядомыя і любімыя шырокай аўдыторыі слухачоў: «Ой, пры лужку» (з кінафільма «Вяселле ў Малінаўцы»); песні ваенных гадоў, якія набылі статус народных — «Праводзіны» («Як родная мяне маці праводзіла»); «Салаўі», саліст Андрэй Мацюшонак, дырыжор Аляксей Снітко, «Нёман» (муз. Н.Сакалоўскага, сл. А.Астрэйкі) — гімн роднай зямлі, яе невычарпальнай жыватворнай сіле, якая перадавалася народу, саліст — Вячаслаў Міналькін, дырыжор Віталь Раўза. Гледачы свята спявалі гэтыя песні разам з харыстамі, кожны мог стаць яго саўдзельнікам.

Агульнарэспубліканская акцыя “Харавое веча” стартавала ў 2015 годзе. Тады яна праходзіла каля храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску, сабрала каля 2 тысяч удзельнікаў і завяршылася грандыёзным фінальным гала-канцэртам з урачыстай “Малітвай за Беларусь”. Відавочна, што сёлетняе свята атрымалася яшчэ больш велічным і масштабным. А значыць, традыцыя будзе працягвацца.

Наталля Кардашова

Оставить комментарий

Вы можете использовать эти HTML тэги

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>