Яўген Паплаўскі

Яўген Паплаўскі нарадзіўся 20 верасня 1959 года ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускую кансерваторыю (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) па класе Ігара Лучанка і Дзмітрыя Смольскага ў 1986 годзе. Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, дзе браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леюва. У 1991 г. па яго ініцыятыве ў Мінску быў арганізаваны Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі, які праводзіўся кожныя два гады да 1995 г.

З 1997 па 1999 г. атрымліваў стыпендыю польскага ўрада, якая дала мажлівасць працаваць у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя Станіслава Ма​нюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» i сту​дыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам. Удзельнічаў у летніх курсах Acanthe 2000 / Ircam.

На Нацыянальным конкурсе кампазітараў, прысвечаным 500-годдзю Францыска Скарыны (1991), атрымаў II прэмію за сімфонію «Lux aeterna» для тэнара, хору i сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта. Яе прэм’ера адбылася 21 сакавіка 1997 г. падчас святкавання 1000-годдзя Гданьска (Сімфанічны аркестр Балтыцкай філармоніі, хоры Акадэміі музыкі і Гданьскага ўніверсітэта, тэнар – Пётр Кусевіч, дыры​жор – Зыгмунт Рыхарт). У студзені 2000 г. на Міжнародным конкурсе кампазітараў «Jihlava-2000» у Празе яго харавы цыкл «Пагода ўжо поз​няй восені» на словы Леапольда Стафа атрымаў II прэмію ў намінацыі «Творы для камернага хору». Прэм’ера цыкла адбылася ў 2002 г. на 45-м Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў Празе (Кракаўскі камер​ны хор, дырыжор – Моніка Бахоўска).

У 2002 г. па замове Эксперыментальнай студыі Польскага радыё ў Варшаве iм быў напісаны «Шлях у Аблокі ІІ» для габоя, ударных інструментаў i камп’ютара. Твор быў рэалізаваны ў студыі электраакус​тычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве. Прэм’ера адбылася на Міжнародным фестывалі «14. Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў» (Марыюш Пэндзялак – габой, Ян Пільх – ударныя інструменты, Матэвуш Бень – праекцыя гуку). У мai 2004 г. гэты твор прадстаўляў Эксперыментальную студыю Польскага радыё на міжнароднай трыбуне электраакустычнай музыкі ЮНЕСКА ў Рыме (IREM 2004).

Па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Варшаўская восень» напісаны творы для інструментальнага ансамбля «Святло на шляху» (2000) і «Маё – Ёй» (2005), якія былі выкананы ансамблем салістаў «Класік-авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава.

У 2013 г. па замове кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы ў рамках праграмы «Zamówienia kompozytorskie 2013», якая была здзейснена праз Instytut Muzyki i Tańca, быў напісаны цыкл «Пожні» для змешанага хору без суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш. Прэм’ера цыкла адбылася 15 снежня 2013 г. падчас аўтарскага канцэрта кампазітара ў Кракаве (вакальны ансамбль SINGET, дырыжор – Марыя Янушкевіч). Яшчэ сем аўтарскіх канцэртаў кампазітара з поспехам прайшлі ў Мінску (2011, 2015,2016,2017), Кракаве (2015, 2017) і Познані(2017).

Творы Я. Паплаўскага выконваліся на міжнародных фестывалях сучаснай музыкі ў Аргенціне, Бразіліі, Германіі, Даніі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Расіі, Украіне і Чэхіі. Яго твор​часць увасоблена на васьмі монаграфічных кампакт-дысках.

Яўген Паплаўскі актыўна цікавіцца гісторыяй музычнага жыцця ў Бeлapyci. Ён з’яўляўся адным з заснавальнікаў i дырэктарам (да 1996) Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання «Беларуская Капэ​ла», створанага ў 1992 г., мэтай якога з’яўляецца пошук, вывучэнне i ўвядзенне ў выканальніцкую практыку старадаўняй беларускай музыкі. Праца Яўгена Паплаўскага ў архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска i Санкт-Пецярбурга была плён​най. Знойдзеныя матэрыялы сталі асновай рэпертуару штогадовага фесты​валю «Адраджэнне беларускай капэлы». Ён таксама з’яўляецца аўтарам сцэнарыя балета «Тэагонія» паводле аднайменнага твора Гесіёда (VIII ст. да н. э.), у якім уз​ноўлены прынцыпы нясвіжскага тэатра, заснаванага ў 1740 г. Уршуляй Радзівіл (1705–1753). Паводле яго драматургічнай ідэі ў 1995 г. быў пастаўлены балет «Паланэз» на музы​ку Mixaлa Клеафаса Агінскага (1765–1833). У 2008 г. Яўген Паплаўскі сумесна з Расійскай нацыя​нальнай бібліятэкай і Польскім інстытутам у Санкт-Пецярбургу засна​ваў серыю нотных выданняў «Музычная спад​чына Рэчы Паспалітай з Расійскай нацыянальнай бібліятэкі». Свет пабачылі ўжо 12 сшыткаў серыі.

У электронным выданні 2013 г. на 2 дысках DVD, прысвечаных аднаму з самых унікальных творцаў ХІХ ст. Юзафу Ігнацыю Крашэў​скаму (1812–1887), раздзел «Музычнае мастацтва» складаецца з матэ​рыя​лаў, знойдзеных і даследаваных Я. У. Паплаўскім. Выданне падрых​тавана ў рамках Міжнароднага праекта пры падтрым​цы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.

Член Саюза кампазітараў Беларусі (1989) і Саюза кампазітараў Польшчы (2011).

Спіс асноўных твораў Я. У. Паплаўскага

  • Саната для альта і фартэпіяна (1984). 10’22».
  • «Тры вершы Афанасія Фета» для змешанага хору без суправаджэн­ня (1984). 10’12».
  • «Quo vadis» для сімфанічнага аркестра (1985). 17’50».
  • «Бацькаўшчына» – кантата для тэнара, баса, падвойнага змешанага хору і сімфанічнага аркестра на словы Ніла Гілевіча і Ларысы Геніюш (1986). 21’10».
  • «Званы маёй Русі» – кантата для змешанага хору, дзвюх арф, фартэпіяна і ўдарных інструментаў на словы Аляксандра Пушкіна, Афанасія Фета і Мікалая Рубцова (1986). ≈ 12′.
  • Музыка для альта, фартэпіяна і струнных памяці ксяндза, доктара тэалогіі Станіслава Глякоўскага (1987). 14’26».
  • «Мой ціхі дом» – канцэрт для змешанага хору без суправаджэння на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа і Ларысы Геніюш (1988). 19’55».
  • «Ноч» – цыкл для барытона і фартэпіяна на словы Алеся Гаруна (1989). ≈ 12′.
  • «Lux aeterna» – сімфонія для тэнара, змешанага хору і сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта (1990). 22’49» (II прэмія Нацыяналь­нага конкурсу твораў, прысвечаных 500-годдзю Францішка Скарыны, 1991).
  • «Поразава» – эскізы для сімфанічнага аркестра (1991). 14’34».
  • «Люди лунного света» – пластычныя сцэны для балетнай групы, гітары, струннага квартэта і ўдарных інструментаў (1991–1995). ≈ 33′.
  • «Dea Luna» для сімфанічнага аркестра (1996). 14’33».
  • «Refraction» для аргана і ўдарных інструментаў (1997). 8’30».
  • «Pogoda późnej już jesieńi» – цыкл для змешанага хору і ўдарных інструментаў на словы Леапольда Стафа (1998). 12’12» (II прэмія Міжна­роднага конкурсу кампазітараў «Jihlava-2000» у Празе, Чэхія).
  • «Карозія часу» – электронная сімфонія (1999). 18’49».
  • «Лунаючы ў прасторы» для камп’ютара (1999). 7′.
  • «Супрасльскай Мадонне» – тры выбраныя распевы з «Супрасль­скага ірмалагіёна» (1598–1601) для змешанага хору без суправаджэння (1999). 6’55» (па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў», Польшча).
  • «Святло на Шляху» для інструментальнага ансамбля (2000). 6′ (па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Варшаўская во­сень», Польшча).
  • «Шлях у Аблокі» для інструментальнага ансамбля (2001). 6’41».
  • «Шлях у Аблокі II» для габоя, ударных інструментаў і камп’ютара (2002). 12’32» (па замове Эксперыментальнай студыі Польскага радыё ў Варшаве, Польшча).
  • «Пяць выбраных распеваў» з «Супрасльскага ірмалагіёна» (1598–1601) для змешанага хору без суправаджэння (2003). ≈ 10′.
  • «Брама» для інструментальнага ансамбля (2003). 6’57».
  • «Усяношнае чуванне Давыдкаўскага ірмалагіёна» (канец XVII – пачатак XVIII ст.) – для змешанага хору без суправаджэння (2004). 9’54».
  • «Адвечнасць» – цыкл для цымбалаў-альт і фартэпіяна (2005). ≈ 11’57».
  • «Маё – Ёй» для інструментальнага ансамбля (2005). 8’14» (па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Варшаўская восень», Польшча).
  • «На Нараджэнне Хрыстова і Каляды» – цыкл для змешанага хору без суправаджэння (2006). ≈ 17’31».
  • «Родныя вобразы» – кантата для змешанага хору і ўдарных інстру­ментаў на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа (2007). 16’29».
  • «Відзежы» – цыкл для цымбалаў-альт і фартэпіяна (2007). ≈ 7’30».
  • «Шлях у Аблокі III» для фартэпіяна і струнных (2008). ≈ 12′.
  • «Con amore…» – цыкл для флейты, віяланчэлі і фартэпіяна (2010). 8’39».
  • «Сінявокая ноч» – цыкл для змешанага хору без суправаджэння на словы Максіма Багдановіча (2011). 9’51».
  • «In the Moonlight» для віяланчэлі і фартэпіяна (2012). ≈ 19’45».
  • «Пожні» – цыкл для змешанага хору без суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш (2013). ≈ 12′ (па замове кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы ў рамках праграмы Zamówienia kompozytorskie 2013).
  • «Шлях у Аблокі IV» для 15 выканаўцаў (2014). ≈ 10′ (па замове Stowarzyszenia Autorów ZA i KS).
  • «Missa brevis» для жаночага хору без суправаджэння (2015). ≈ 16’25».
  • «Бэзавы вечар» для віяланчэлі і фартэпіяна (2015). ≈ 7′.
  • «Малітвы» для жаночага хору без суправаджэння на кананічныя лацінскія тэксты (2016). ≈ 8’12».
  • “З дум вандроўніка” цыкл для жаночага хору без суправаджэння на словы Міхася Машары (2017). ~ 7’.
  •  “Адценні хараства” пяць хораў для жаночых галасоў на словы Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш (2017). ~ 10’.
  • “Вясновы пульс зямлі” кантата для жаночага хору без суправаджэння на словы Ніла Гілевіча, Наталлі Арсенневай, Уладзіміра Хадыкі, Алеся Гаруна (2018). ~ 20’.
  • “Тры хоры на словы Ўладзіміра Дубоўкі, Леапольда Стафа і Яна Чыквіна” для змешанага складу без суправаджэння (2019). ~ 8’.

Харавыя зборнікі Я. У. Паплаўскага

  1. Паплаўскі, Я. Ветразь залатога сонца – Żagel złotego słońca: творы для змешанага хору / Я.Паплаўскі. – Мінск: Instytut Polski, 2000. – 42 с.
  2. Паплаўскі, Я. Родныя вобразы : кантата для змешанага хору і ўдар­ных інструментаў на словы Я. Купалы і Я. Коласа: вучэб.-метад. дапам. / Я.Паплаўскі; уступ. арт. Н.П. Яканюк. – Мінск, 2008. – 40 с.
  3. Паплаўскі, Я. Усяношнае чуванне Давыдкаўскага ірмалагіёна (ка­нец XVII – пачатак XVIII ст.) для змешанага хору без суправаджэння: вучэб.-метад. дапам. / Я.Паплаўскі; уступ. арт. Н. Бунцэвіч. – Мінск, 2008. – 36 ст. – (Серыя «Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расій­скай Нацыянальнай бібліятэкі»).
  4. Паплаўскі, Я. У. На Нараджэнне Хрыстова і Каляды: харавы цыкл для змешанага хору / Я.У.Паплаўскі. – Мінск: А.М.Вараксін, 2007. – 32 с.
  5. Паплаўскі, Я.У. Харавы клас: сшытак І : Супрасльскай  Мадонне :  хрэстаматыя / Я.У.Паплаўскі; М-ва культуры Рэсп. Беларусь, Беларус.дзярж. ун-т культуры і мастацтваў. – Мінск : БДУКМ, 2017. – 60 c.  
Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
*
Пароль не введен
captcha
Генерация пароля