Закончыў Беларускую консерваторыю па класу кампазіцыі дацэнта П. П. Падкавырава (1976) і асістэнтуру-стажыроўку пад кіраўніцтвам прафесара Я. А. Глебава (1979).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986).
Член СК Беларусі (1978).
Памёр у 1986 г.
Віктар Помазаў — вядомы беларускі кампазітар, які пакінуў значны след у нацыянальнай культуры. Галоўная ідэя яго творчасці — збліжэнне прафесійнага і народнага мастацтва. Яна ўвасабляецца ў аб’яднанні розных мастацкіх з’яў, такіх, як адноўлены састаў сімфанічнага аркестра (за кошт увядзення дудкі, жалейкі, ліры, гармоніка), фальклорная інтанацыйнасць, выразныя архаічныя звароты, новая трактоўка класічных жанраў (напрыклад, кантата-рытуал «Заручыны», вакальна-сімфанічная паэма — народныя сцэны «Калядкі»). Гэта надало творам кампазітара непаўторную своеасаблівасць і садзейнічала развіццю новага напрамку ў беларускай музыцы.
В. Помазаў тварыў у розных галінах музычнага мастацтва. Значныя дасягненні кампазітара ў аркестравым жанры. Ён з’явіўся стваральнікам інструментальна-сцэнічнага паказу, вытокі якога — у траістай музыцы і старажытнабеларускім абрадзе. Творы для народнага аркестра В. Помазава ўключаюць «дзеянне», або сцэнічны пачатак як неад’емны кампанент мастацкага цэлага. Іх жанравыя крыніцы — тэатралізаваныя народныя паказы, народныя тэатры лялек, сельскія гульні, якія з’яўляюцца часткай быту беларускага сялянства.
У творах для народнага аркестра кампазітар звяртаўся і да найноўшай тэхнікі пісьма (алеаторыка, санорныя эфекты і пуантылізм у «Батлейцы»), і да мадыфікацыі аркестра (пашырэнне партыі ўдарных інструментаў у сюіце «Вясковыя музыкі») і інш.
Тым не менш у сачыненнях не парываюцца сувязі з народным мастацтвам.
У сімфанічнай музыцы В. Помазаў імкнуўся да аркестравай маляўнічасці і выразнасці, актыўна выкарыстоўваючы фальклор. У вакальна-сімфанічнай паэме «Янка Купала» гэта выявілася ў тэматызме жаночага ансамбля, а ў сімфанічнай паэме «Заслаўская легенда» і Сімфоніі — у інтанацыйным строі ў цэлым.
Асваенне традыцый народнага мастацтва знайшло арьігінальнае ўвасабленне ў вакальна-сімфанічнай паэме «Янка Купала», напісанай да стагоддзя паэта. У раскрыцці вобразна-драматургічнага зместу вялікую ролю адыграла карціна беларускага мастака М. Савіцкага «Янка Купала». Эмацыянальнае ўражанне ад карціны дапамагло кампазітару ў трактоўцы вобраза паэта як Творцы, які перадае ў спадчыну нашчадкам сваю Паэзію. У музыцы дасягнуты арганічны сплаў блізкіх кампазітару сродкаў музычнай мовы: народнага інтанавання, чыста фальклорнай манеры выканання, класічнай танальнай тэхнікі і тэхнікі частковых тонаў, рэалізаваных у выглядзе алеаторыкі. Злучэнне фальклору (пераважна ў сферы народна-інтанацыйнага матэрыялу), класічнай і найноўшай тэхнікі давала кампазітару багатыя і невычарпальныя магчымасці для творчага пошуку. За сюіту «Батлейка» і паэму «Янка Купала» В. Помазаву была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі.
Адным са значных твораў В. Помазава з’яўляецца вакальна-сімфанічная паэма «Памяць», прьісвечаная 40-годдзю Перамогі беларускага народа над фашызмам. У гэтым творы кампазітар ізноў прадэманстраваў цікавае спалучэнне фальклору, класікі і сучаснасці. Ён выкарыстоўвае рэкруцкія салдацкія песні (са збору У. Раговіча), народны голас і жалейку, сродкі дванаццацітонавасці, а таксама класічную танальнасць, якая сімвалізуе вобраз сучаснага беларуса. Тэматычную аснову твора складае песеннасць, якая вызначае структуру частак і форму цэлага. Уласцівая кампазітару цікавасць да аркестравага каларыту абумовіла звяртанне да маляўнічага спалучэння беларускіх народных інструментаў з інструментамі сімфанічнага аркестра. Метафарычна — гэта сінтэз народнага і прафесійнага мастацтва. У гэтым жа стылі быў створаны і Канцэрт для «траістай музыкі» і вялікага сімфанічнага аркестра.
Тэатральная музыка — яркая старонка творчай біяграфіі кампазітара. За кароткі тэрмін ім аформлена каля дзесяці пастановак, дзе яркая вобразнасць і характарыстычнасць дасягнуты на аснове сінтэзу найноўшай кампазітарскай тэхнікі і фальклору. У музыцы да спектакля «Орешек» арганічна пераплятаюцца элементы балгарскага фальклору, традыцыйнае і новае пісьмо. У далейшым гэта музыка лягла ў аснову аднайменнай сімфанічнай сюіты.
Акрамя твораў буйной формы В. Помазаў напісаў шэраг камерных сачыненняў, дзе імкнуўся да яснай, дэмакратычнай мовы. Галоўнае для яго — даступнасць музыкі людзям розных прафесій, ад музыкантаў да недасведчаных слухачоў. Апошнім творам кампазітара была сімфанічная паэма «Заслаўская легенда», прысвечаная 1000-годдзю Заслаўя. Яна прагучала на фестывалі «Мінская вясна» ў 1986 годзе. Кампазітар прысутнічаў на канцэрце, і гэта была яго апошняя сустрэча са слухачамі.
В. Помазаў пражыў нядоўгае, але яркае жыццё. Яго дасягненні ў галіне музычнай стылістыкі адзначылі новы накірунак у сучаснай беларускай музыцы.
Творы
Сцэнічная музыка
Харэаграфічныя навелы: «Дзяды» (1980), «Перапёлачка», «Крыжачок», «Руская сюіта» (1982), «Таўкачыкі» (1983), «Лялькі-сувеніры» (1985).
Вакальна-інструментальная музыка
Вакальна-сімфанічныя паэмы: «Памяць» (сл. народныя, 1984), «Янка Купала» (1984); народныя ецэны «Калядкі» для хору, «траістай музыкі» і ўдарных (1976).
Кантаты: «Песня згоды» (сл. П. Макаля, 1979), рытуал «Заручыны» (сл. народныя, 1984).
Аркестравая музыка
Для сімфанічнага аркестра: Сімфонія (1979), «Заслаўская легенда» (1986), сюіта «Арэшак» (1980), «Руская сюіта» (1982).
Для камернага аркестра: Раманс (1981).
Для народнага аркестра, Сюіты: «Вясковыя музыкі» (1980), «Батлейка» (1983).
Для эстраднага аркестра: Гумарэска (1980).
Камерна-інструмснтальная музыка
Для фартэпіяна: Канон і Поліфанічная п’еса (1971), тры п’есы («Цягнічок», «Калыханка», «Гульня», 1972), Тры прэлюдыі (1978), варыяцыі «Старадаўнія гадзіннікі» (1981).
Для струннага квартэта: П’еса (1972), Сюіта (Скерца, Варыяцыі, Ронда, 1973), квартэт «Старадаўнія песні» («Пятроўская і Велікодная», «Чумацкая», «Велікодная», 1974). Для баяна: «Цягнічок», «Песня», «Паяц» (1976), «Вясковыя найгрышы» (1983), «Калыханка зорнага хлопчыка» і «Батлейка» (1985).
Сюіта «Арэшак» для двух гатова-выбарных баянаў (1979), п’еса-жарт «Вясковыя музыкі» для ансамбля народных інструментаў (1980), «Калядныя замалёўкі» для флейты і ф-на (1981).
Вакальная музыка
Для хору а капэла: «Над возерам», «Мудрай прамовы хлеб залацісты», «Возера» (сл. М. Багдановіча, 1971). «Рандальны трыпціх» (сл. М. Багдановіча, 1972).
Для голасу з суправаджэннем. Рамансы: «Чуеш гул?», «Лясун», «Возера» (сл. М. Багдановіча, 1979).
Прикладная музыка
Да лялечных спектакляў: «Орешек» (1974). «Зорны хлопчык», «Салавей», «Званы твайго лесу» (1978). «Як маецеся, хлопцы?» (1981). «Хачу быць богам, або Спакушэнне Гехеста», «Чароўная лямпа Аладзіна» (1983). «Хлопчык з легенды», «Камедыянт, ці Узнёсласць паэта» (1984).
Да радыёспектакляў: «Раман і Юлька» (1980).
Да тэлефільмаў: «Таўкачыкі», «Небывальшчына», «Белая ноч» (1983).
Да кінафільмаў: «Купальская ноч» (1982).
Да дакументальнага фільма: «Заслаўская легенда».
Літаратура пра кампазітара
- Мдивани Т. Авторы рассказывают (В. Помозов) // Сов. музыка. 1986. № 4.
- Рогач Т. Віктар Помазаў: творы, тэмп, здзяйсненні // Мастацтва Беларусі. 1987. № 10.
- Сізко В. Класікаў «чытаюць» маладыя // ЛіМ. 1984. 9 сак.