Таццяна СТУДЗЕНКА (Літаратура і мастацтва. № 45 9 лістапада 2012 г.)
9 лістапада спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Несцера Сакалоўскага — аўтара музыкі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Чым больш часу праходзіць з даты яго смерці ў 1950 годзе, тым больш легендарнай здаецца постаць кампазітара.
Адзіная прысвечаная яму манаграфія выдадзеная ажно ў 1969 годзе. Пяцьдзясят старонак “кішэннага” фармату пераказваюць культурна-асветніцкія выданні, адзначаючы памятныя даты лёсу кампазітара. Калі не стварыць грунтоўнай і прафесійнай сучаснай біяграфічнай крыніцы, беларусы ўрэшце будуць думаць, што музыка іх гімна — народная.
Увогуле, паходжанне яе з народных песенных крыніц не падлягае сумненню: кампазітар Несцер Сакалоўскі сфарміраваўся непасрэдна каля іх і дзеля іх захавання. Усё яго жыццё музычная творчасць спалучалася з дзейнасцю нястомнага фалькларыста — збіральніка і апрацоўшчыка народнай песеннай спадчыны, а таксама з працай кіраўніка творчых калектываў, малых і буйных, самадзейных і прафесійных, але часцей за ўсё створаных выхадцамі з самай непасрэднай гушчы народа. З народа паходзіў ён сам. Звесткі са згаданай біяграфіі, падрыхтаванай музыказнаўцам Ізідорам Нісневічам, даюць шмат прасторы для зацікаўленага ўяўлення — абы толькі з-за лаканізму і нешматлікасці фактаў яно не пераходзіла ў міфатворчасць.
Першыя шэсць гадоў жыцця Несцера Сакалоўскага прайшлі ў вёсцы Вешкі Докшыцкага раёна. Хата бацькоў была чымсьці накшталт вясковага клуба: у зімовы час жанчыны збіраліся ў ёй на попрадкі, спявалі народныя песні. “Саліравала” звычайна маці. Родны дзядзька Несцера быў слынны аматар-скрыпач. Слухаючы “Польку для струнных” кампазітара Н. Сакалоўскага, так і бачыш сялянскі “баль” на чале з музыкам-скрыпачом: вось гучыць уступ — надта павольна і неяк надта доўта, нібы чакаючы падбадзёрвання, заахвочвання з боку танцораў і слухачоў. Толькі пасля трэці гучання мелодыя набывае звыклую польцы гарэзлівую хуткасць, але потым зноў марудзіць (адпачніце, маўляў, і пачакайце — шануйце скрыпача), пасля зноў — гарэзліва, імкліва. Ўявім сабе і шасцігадовага хлапчука — дзесь у кутку або на печы, каб не замінаць танцорам, не мільгацець перад вачыма заглыбленых у кудзелю і песню жанчын.
Дзядзька Несцера, дарэчы, быў не толькі скрыпачом, але і знаўцам нацыянальных абрадаў, тэатралізаваных гульняў. Досвед яго адгукнецца, калі пятнаццацігадовым юнаком будучы кампазітар трапіць нарэшце ў Першую працоўную школу ў Мінску і стане актыўным удзельнікам яе аматарскага творчага гуртка, потым — удзельнікам хору ў “Беларускай хатцы”, калі будзе ротным запявалам і кіраўніком самадзейнасці падчас тэрміновай службы ў Чырвонай Арміі. Прыдасца вопыт дзядзькі — чым далей, тым бодьш удасканалены ўласна атрыманымі ведамі, — падчас ангажэмента ў перасоўным драмтэатры Уладзіслава Галубка (1920-я гг.).
Гады акцёрскай і хормайстарскай дзейнасці тут, у “БДТ-2”, — вызначальныя ў далейшым развіцці Несцера Сакалоўскага як прафесійнага кампазітара-фалькларыста. Аматарам, вандроўным музыкам ён мог заставацца колькі заўгодна, але бездань народнай культуры, адкрытая ім падчас вандровак па Беларусі, паспрыяла жаданню гэта багацце засвоіць і зрабіць гэта карэктна, прафесійна, годна — так, як яно таго заслугоўвала. Адсюль, адначасова з працай у перасоўным тэатры, — пяць гадоў вучобы на тэарэтыка-кампазітарскім аддзяленні Беларускага дзяржаўнага музтэхнікума (цяпер — Мінскі музычны каледж імя М. Глінкі). Адсюль ужо ў прызнанага кампазітара і паспяховага кіраўніка (у 1930-я гг. яго песенныя калектывы становяцца вядомымі за межамі БССР) — прага вышэйшай музычнай адукацыі. Перад вайной і пасля Перамогі ён наведвае клас кампазіцыі ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, але сістэматычнай адукацыі так і не атрымае — з-за бюракратычных перашкод, з-за хваробы і заўчаснай смерці. У гэтым ёсць пэўны сімвалізм: дасягнуўшы вяршынь прафесійнага майстэрства, Несцер Сакалоўскі не набыў фармальнага статусу прафесіянала і ў поўным сэнсе слова застаўся кампазітарам народным.
Статус стваральніка беларускай песеннай культуры належыць яму безумоўна. Гэтаксама, як Коласу і Купалу — статус заснавальнікаў беларускай класічнай літаратуры. Калі дзякуючы Якубу Коласу і Янку Купалу беларуская літаратура расце з народнай культурнай спадчыны і мовы, то дзякуючы Н. Сакалоўскаму “прафесійная” беларуская песня таксама моцна трымаецца на глебе песні традыцыйнай, народнай. Гэта значыць, што ёй не так проста растварыцца ў сінкрэтызме і касмапалітызме сучаснай папулярнай музычна-песеннай творчасці і вытворчасці. Параўнаем, аднак, размах шанавання памяці народных паэтаў і народнага кампазітара…
Збіранне і апрацоўка народных песень, кажуць музыказнаўцы, — справа не менш вытанчаная, чым стварэнне арыгінальнай аўтарскай мелодыі. Трэба захаваць сутнасць арыгінала, а гэта нашмат цяжэй, чым адлюстраваць у гуках уласную эмацыянальнасць. Справіцца з гэтым магчыма толькі, калі эмоцыі і духоўнасць народнага мастака перажываць як свае ўласныя. Такая мэта, дарэчы, стаяла не толькі перад самім Несцерам Сакалоўскім, але і перад яго калегамі-кампазітарамі, з якімі ён шчыра дзяліўся сабранай песеннай спадчынай. Запісаныя Несцерам Фёдаравічам народныя песні гучаць таксама ў апрацоўцы Р. Пукста, М. Аладава, Я. Цікоцкага і іншых — у сімфоніях, сюітах, асобных інструментальных п’есах розных жанраў. Так беларуская народная песенная культура атрымала другое жыццё.
Не дзіўна, што многія песні Н. Сакалоўскага нават на ўласную арыгінальную музыку ўспрымаюцца як музычныя сімвалы Беларусі. Такая, безумоўна, “Песня пра Нёман” у сваім непаўторным гучанні-імітацыі павольнага і раздольнага цячэння моцнай ракі з пяшчотнымі маленькімі хвалямі ля берагоў. Ці не такая ж павольнасць, раздольнасць, моц і, разам з тым, пяшчота складаюць аснову і непаўторнасць нацыянальнага характару?.. Павольна-пяшчотны, ён ператвараецца ў натхнёна-сканцэнтраваны, непахісны, калі сустракаецца з пагрозай.
Адпаведна гучыць і Дзяржаўны гімн. Узнёсла-сцвярджальны ў пачатку (“Мы — беларусы, мірныя людзі…”), ён пераходзіць у павольны рэфрэн. Пра абарону Айчыны “разам з сябрамі” зноў грае мужна-натхнёна, сцвярджальна. “Перадыхнуўшы” ва ўзнёсла-павольных, паступова ўзыходзячых гуках рэфрэна, сцвярджае прынцыповую для сябе “дружбу народаў”. Чаргаванне сцвярджальнасці і павольнасці — адметнасць галоўнай мелодыі краіны і сутнасць традыцыйнай беларускасці. “…А хто там ідзе? — Беларусы”, — нават у Купалавым вершы, яшчэ “ў лапцях” і з ношай-крыўдай, яны ўжо годна абвяшчалі свету сваё імя.
Не толькі напярэдадні юбілею, але заўсёды, калі чуеш Дзяржаўны гімн, варта памятаць і пра галоўнае яго прызначэнне: яднаць народ і штораз нагадваць пра яднанне, якое па сутнасці і ёсць яго, народа, спраўджанне, сапраўднае быццё. Сімвалам такога яднання прыгадваецца народны мега-хор на горцы ля Мінскага кафедральнага сабора снежаньскім вечарам 2002 года — масавае выканананне адноўленага Дзяржаўнага гімна на словы Уладзіміра Карызны. Угледзімся ў твары ўдзельнікаў акцыі і на хвіліну ўбачым іх вачыма Н. Сакалоўскага, кампазітара- хормайстра. Да гэтай падзеі, няхай неўсвядомлена (“Нестар Сакалоўскі пісаў песні, а не гімны”, — сказала тады ў інтэрв’ю яго ўнучка), ён ішоў усё жыццё, вылучаючы ў народных мелодыях сутнасць беларускай душы, — дзеля таго, каб яна адчувала і сцвярджала сябе вечна.