Студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прывезлі на Радзіму тры ўзнагароды і запрашэнні на іншыя музычныя форумы.

Студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з поспехам выступіў на XIV міжнародным харавым фестывалі ў швейцарскім горадзе Нэўшатэль. Беларускія спевакі начале з загадчыцай кафедры харавога дырыжыравання і кіраўніком хору Інэсай Бадзяка сталі ўладальнікамі трох конкурсных узнагарод – першай прэміі ў катэгорыі “змешаныя хоры, вакальныя ансамблі”, прызу глядацкіх сімпатый і адмысловага прызу журы конкурсу за лепшую інтэрпрэтацыю абавязковага твора ў дзённай праграме “The Sweet Music” Эдварда Эльгара. На суд журы ўдзельнікі, сярод якіх былі калектывы з Венгрыі, Фінляндыі, Чэхіі, Грэцыі, Расіі, Польшчы, Украіны, мусілі прадставіць 3 праграмы. Першая з іх тычылася музыкі рэнесанснага перыяду. Другая павінна была ўтрымліваць рамантычны твор, твор сучаснага кампазітара, напісаны пасля 2000-га года, абавязковы “The Sweet Music” Эдварда Эльгара i твор на уласны выбар. Трэцяя – канцэртная праграма для публікі, якая ўключала нацыянальныя творы і кампазіцыі па выбары. У выніку беларускі хор скарыў журы і гледачоў не толькі высокапрафесійным выканальніцкім, але і артыстычным майстэрствам. 

“Мая задума была — максімальна захапіць, паказаць шоў, — распавядае Інэса Бадзяка. — То бок, разнастаіць успрыняцце акадэмічнай музыкі, якая выклікае заўсёды слухацкі штамп: харавое гучанне – акадэмічнае гучанне – нецікавае гучанне – статычнае гучанне”.

Так, харавыя акадэмічныя творы ў выкананні хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ператварыліся ў тэатральнае дзейства. Напрыклад, “Dies irae”сучаснага ўкраінскага кампазітара Міхаіла Шуха з эпiграфам з “Боскай камедыі” Дантэ ў інтэрпрэтацыі беларусаў, уразiла журы і гледачоў “да слёз і болю ў страўніку”. А гарадская прэса напісала, “што надоўга ў памяці застануцца шэпт і крык, гаворка і музычная выразнасць выканання аднаго з лепшых сучасных літургічных твораў”.  Апроч гэтага, у “Лібертанга” П’яцолы – з’явіліся рухі танга, у беларускіх народных “Туманах” – карагоды з хусткамі, а ў жартоўных хорах Краўчанкi выканаўцы лавiлi камароў.

На біс хор выконваў мініяцюру пра швейцарскі шакалад балгарскага кампазітара В. Найдзёнавай. Аднойчы падчас чарговага выканання п’есы музыкі атрымалі карзіну швейцарскага шакаладу ад аўтара.

Марыя Калеснікава

http://www.choirbgam.by

Leave a Reply

Authorization
*
*
Registration
*
*
*
A password has not been entered
captcha
Password generation