Вялікай прэм”ерай мюзікла-прытчы “АПОКРЫФ” кампазітара Л. Сімаковіч адкрыецца ўрачыстае святкаванне 120-годдзя Максіма Багдановіча.
Прыпавесць Максіма Багдановіча набыла новае драматургічнае аблічча і ўпершыню паўстане на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
“АПОКРЫФ” — зварот-разважанне беларускага генія пра сутнасць і сэнс чалавечага існавання, пра немагчымасць жыцця без духоўнага здабытку. Гэтай канцэптуальнай ідэі паэта прытрымліваюцца стваральнікі спектакля — Нацыянальны аркестр народных інструментаў імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца, Дзяржаўны камерны хор (галоўны дырыжор Наталля Міхайлава), фальклор-тэатр “Госьціца” (кіраўнік Ларыса Сімаковіч), маладыя беларускія салісты і майстры сцэны.
Прарокі сыходзяць на зямлю тады, калі чалавек забываецца на свае галоўныя каштоўнасці. Адмераны ход жыцця народа, дзе матэрыяльнае перамагае духоўнае, парушаецца сыходам Хрыста з апосталамі на абраную зямлю. Народ у спектаклі — кемлівы, працавіты, шчодры і наўны, не заўважае ні свайго хараства, ні сыходу прарокаў. Хрыстос у спектаклі не мае візуальнага аблічча. Яго прысутнасць праяўляецца праз магутныя харавыя ўнісоны, гімны, звароты. Апосталы Пётра і Юры “суправаджаюць” Хрыста і прыносяць новае “зерне” новага мыслення: “Нашто тыя каласы, калі няма васількоў?… Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак дзеля душы”. Музыка — цэнтральны персанаж мюзікла, яго паэтычная дамінанта — увасабленне нацыянальнай духоўнай праграмы, якую носіць у сабе кожная таленавітая душа. Абвостранае светаадчуванне, чуйная душа Музыкі не дае загінуць гэтаму народу.
Прэм`ера мюзікла-прытчы “АПОКРЫФ” адбудзецца 9 снежня на сцэне як знак пашаны моцнаму перакананню М.Багдановіча, што народ, які не ўсведамляе ролі духоўнага ў сваім жыцці пазбаўлены будучыні, пра тое, што “добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком”.
Не пра каханне (інтэрвію на ўзлёце аўфтакта)
“Пра каханне няхай пішуць іншыя” — кажа кампазітар Ларыса Сімаковіч – “бо каханне — тэма даволі беспройгрышная і “прахадная”. Але — не мая. А вось жыццё народа, нацыі, духоўны патэнцыял і лёс геніяў, паэтаў, іх нараджэнне, іх смерць, іх слугаванне народу — пафас, узяты яшчэ Багушэвічам, Купалам, Коласам, Багдановічам. Гэты пафас узвышае кожнага і міжволі правакуе на конгеніяльнасць. Высокая “танальнасць” — мая танальнасць. Таму да сёлетняга дня нараджэння Максіма Багдановіча створана даволі маштабная музычная дзея “АПОКРЫФ” .
Да ажыццяўлення прэм`ернага твору запрошаны вядомыя калектывы і выканаўцы Беларусі — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь — мастацкі кіраўнік і дырыжор Наталля Міхайлава, фальклор-тэатр “Госьціца”, артысты і майстры беларускай сцэны. Канцэртная версія мюзікла-прытчы адбудзецца 9 снежня на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі.