2016-11-12

12 лістапада 2016 года у малой зале імя Р.Шырмы Беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца аўтарскі канцэрт кампазітара Яўгена Паплаўскага “Спрадвечнае святло”.

У праграме канцэрта прагучаць:

“Missa brevis” для жаночага хору без суправаджэння на кананічныя лацінскія тэксты (2015; першае выкананне на Беларусі, твор напісаны па просьбе знакамітага польскага дырыжора Станіслава Краўчыньскага, якому і прысвечаны):

  1. Kyrie
  2. Gloria
  3. Sanctus
  4. Benedictus
  5. Agnus Dei

“Малітвы” для жаночага хору без суправаджэння на кананічныя лацінскія тэксты (2016; прэм’ера, твор прысвечаны ксяндзу, доктару тэалогіі Станіславу Глякоўскаму):

  1. Oratio dominica
  2. Salutatio angelica
  3. Gloria Patri

“Дыптых” для жаночага хору без суправаджэння на словы Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш (2015; прэм’ера):

  1. Цішай ночка чаравала
  2. Дрэмле вечар у ціхай дуброве

Кантата “Родныя вобразы” для змешанага хору і ўдарных інструментаў на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа (2007):

  1. На купалле. Словы Я.Купалы
  2. Хмаркі. Словы Я.Коласа
  3. Ноч за ночкай… Словы Я.Купалы
  4. На шляху. Словы Я.Купалы
  5. Плача восень… Словы Я.Купалы
  6. Ручэй. Словы Я.Коласа
  7. Родныя вобразы. Словы Я.Коласа.

Канцэрт “Мой ціхі дом” для змешанага хору без суправаджэння на словы Ларысы Геніюш, Янкі Купалы і Якуба Коласа (1988):

  1. Замчышча. Словы Я.Купалы
  2. У вечным боры. Словы Я.Купалы
  3. Сыплюцца слёзы. Словы Л.Геніюш
  4. Песні зімы. Словы Я.Коласа
  5. Вячэрняя містэрыя. Словы Л.Геніюш
  6. Нехта ноччу. Словы Л.Геніюш
  7. Водгулле. Словы Я.Коласа
  8. Мой родны кут. Словы Л.Геніюш. Твор прысвечаны Ўладзіміру Казіміравічу Паплаўскаму.
Concertino
Женский камерный хор “Concertino” МГМК им. М.Глинки
Государственная хоровая капелла им. Г. Ширмы
Государственная академическая хоровая капелла им. Г. Ширмы

Выканаўцы:

  • Лаурэат міжнароднага і рэспубліканскага конкурсаў, уладальнік заахвочвання Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Жаночы камерны хор “Concertino” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.Глінкі (мастацкі кіраўнік і дырыжор – Аляксей Снітко, хормайстар – Надзея Навічэнкава).
  • Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы (мастацкі кіраўнік – народная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Яфімава, дырыжор – Дзмітрый Хлявіч)

Яўген Паплаўскі нарадзіўся 20 верасня 1959 года ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускую кансерваторыю (Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі) па класу Iгapa Лучанка i Дзмітрыя Смольскага ў 1986 годзе. Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторьі i тамсама браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леюва.

У 1991 годзе па яго ініцыятыве быў арганізаваны ў Мінску Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі, які праводзіўся кожныя два гады да 1995 года. 3 1997 па 1999 гг. атрымліваў стыпендыю Польскага Урада, на падставе чаго працаваў у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя Ст. Манюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» i Студьі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам. Удзельнічаў у летніх курсах Acanthe 2000 / Ircam.

На Нацыянальным конкурсе кампазітараў прысвечаным 500-годдзю Францішка Скарыны (1991 год) атрымаў II прэмію за сімфонію “Lux aeterna” для тэнара, хору i сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта, прэм’ера якой адбылася 21 сакавіка 1997 года падчас святкавання 1000-годдзя Гданьска (Сімфанічны аркестр Балтыцкай філармоніі, хоры Акадэміі музыкі і Гданьскага ўніверсітэта, тэнар – Пётр Кусевіч, дырыжор – Зыгмунт Рыхарт). У студзені 2000 года на Міжнародным конкурсе кампазітараў ” Jihlava-2000″ у Празе яго харавы цыкл “Пагода ўжо позняй восені” на словы Леапольда Стафа атрымаў II прэмію ў намінацыі “Творы для камернага хору”. Прэм’ера цыкла адбылася ў 2002 годзе на 45 Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў Празе (Кракаўскі камерны хор, дырыжор – Моніка Бахоўска).

У 2002 годзе па замове Эксперыментальнай студыі Польскага Радыё ў Варшаве iм быў напісаны “Шлях у Аблокі ІІ” для гобоя, ударных інструментаў i камп’ютара. Твор быў рэалізаваны ў Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве. Прэм’ера адбылася на Міжнародным фестывалі “14. Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў” (Марыюш Пэндзялак – габой, Ян Пільх – ударныя інструменты, Матэвуш Бень – праекцыя гуку). У мai 2004 года гэты твор прадстаўляў Эксперыментальную студыю Польскага Радыё на Міжнароднай трыбуне электраакустычнай музыкі ЮНЕСКА ў Рыме (IREM 2004).

Па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі “Варшаўская восень” напісаны для інструментальнага ансамбля “Святло на Шляху” (2000) і “Маё-ёй” (2005) – творы, якія былі выкананы ансамблем салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава.

У 2013 годзе па замове Кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы ў рамках праграмы Zamowienia kompozytorskie 2013, якая была здзейснена праз Instytut Muzyki i Tanca быў напісаны цыкл “Пожні” для змешанага хору без суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш. Прэм’ера цыкла адбылася 15 снежня 2013 года падчас Аўтарскага канцэрта кампазітара ў Кракаве (Вакальны ансамбль SINGET, дырыжор – Марыя Янушкевіч).

Творы Я.Паплаўскага выконваліся на міжнародных фестывалях сучаснай музыкі і асобных канцэртах у Германіі, Нідэрландах, Даніі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Польшчы, Украіне, Літве, Аргенціне, Бразіліі, Расіі і ЗША. Яго творчасць увасоблена на сямі кампакт-дысках, якія выдадзены ў Мінску.

Яўген Паплаўскі актыўна цікавіцца гісторыяй музычнага жыцця на Бeлapyci. Быў адным з заснавальнікаў i дырэктарам (да 1996) Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання “Беларуская Капэла” (створана ў 1992 годзе), мэтай якога з’яўляецца пошук, вывучэнне i ўвядзенне ў выканальніцкую практыку старадаўняй беларускай музыкі. Актыўна i плённа працаваў у архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска i Санкт-Пецярбурга. Знойдзеныя матэрыялы сталі асновай рэпертуару штогадовага фестывалю “Адраджэнне беларускай капэлы”. Ён з’яуляецца аўтарам сцэнарыя балета “Тэагонія” (паводле Гесіёда, VIII ст. да н. э.), у якім узноўлены прынцыпы тэатра (1748) Уршулі Радзівіл (1705-1753). Паводле яго драматургічнай ідэі ў 1995 годзе быў пастаўлены балет “Паланэз” на музыку Mixaлa Клеафаса Аггіскага (1765-1833). Працягваючы даследванні, Яўген Паплаўскі ў 2008 годзе сумесна з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкай і Польскім інстытутам у Санкт-Пецярбургу заснаваў серыю нотных выданняў “Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі”. Свет пабачылі ўжо 12 сшыткаў серыі.

У 2015 годзе Аўтарскія канцэрты Яўгена Паплаўскага адбыліся ў Мінску (Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы; дырыжор – Дзмітрый Хлявіч) і Кракаве (Жаночы хор Інстытута харавога дырыжыравання, музычнай адукацыі і рытмікі, Кракаўскі камерны аркестр, Моніка Плахта – фартэпіяна; дырыжор – Станіслаў Краўчыньскі). А 29 кастрычніка 2016 года ў Мексіцы адбылася прэм’ера яго твора “Бэзавы вечар” для віяланчэлі і фартэпіяна(2015;Cracow Duo: Ян Каліноўскі — віяланчэль, Марэк Шлезэр — фартэпіяна) у рамках канцэртаў арганізаваных Нацыянальным універсітэтам Мексікі.


Аляксей Снітко – харавы дырыжор, педагог, даследчык у галіне харавога мастацтва. Кіраўнік Канцертнага і Жаночага камернага хароў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжу імя М.Глінкі, а таксама Ўзорнага дзіцячага хора “Тоніка” Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 г. Мінска імя Л.Александроўскай. Узначальвае Мінскую харавую метадычную секцыю. Прымаў удзел у якасці хормайстра семінараў-практыкумаў па харавому выканальніцтве ў Мінску пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Уладзіміра Мініна (2008) і заслужанага артыста РФ Уладзіміра Семенюка (2011).

Супрацоўнічае ў якасці дырыжора з прафессійнымі харавымі калектывамі – Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлай імя Р.Шырмы, Музычнай капэлай “Sonorus”. З’яўляецца аўтарам шэрага праектаў: Міжнароднага адукацыйнага праекту “К вяршыням творчасці” (2014, 2016), фестывалю “Святло каляднай зоркі” (2011-2016) і іншых.

Дзмітрый Хлявіч – хормайстар Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы, з’яўляецца прадстаўніком беларускай школы харавога дырыжыравання. Пастаянна дырыжыруе ў канцэртах капэлы у Беларусі і за яе межамі. У 1994 годзе па прапанове Л.Яфімавай сумесціў дырыжыраванне і вядзенне канцэрту, стаў адным з першых беларусскіх дырыжораў, выконваючых музыку і якія распавядаюць пра яе.

Сярод апошніх найбольш значных яго прац – падрыхтоўка капэлы к выкананню вакальна-сімфанічнай паэмы «Сцікс» кампазітара Г.Канчэлі (2012 г.), Рэквіема кампазітара К. Пендэрэцкага (2013 г.) у рамках фестывалю Ю. Башмета ў Беларусі. У цяперашні час Дзмітрый Хлявіч рыхтуе новую канцертную праграму капэллы «І нават танец можна праспяваць», разлічаную на самы шырокі круг слухачоў.

One thought on “Спрадвечнае святло”

Leave a Reply to alsnitkoCancel reply

Authorization
*
*
Registration
*
*
*
A password has not been entered
captcha
Password generation