Яўген Паплаўскі нарадзіўся 20 верасня 1959 года ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускую кансерваторыю (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) па класе Ігара Лучанка і Дзмітрыя Смольскага ў 1986 годзе. Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, дзе браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леюва. У 1991 г. па яго ініцыятыве ў Мінску быў арганізаваны Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі, які праводзіўся кожныя два гады да 1995 г.
З 1997 па 1999 г. атрымліваў стыпендыю польскага ўрада, якая дала мажлівасць працаваць у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя Станіслава Манюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» i студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам. Удзельнічаў у летніх курсах Acanthe 2000 / Ircam.
На Нацыянальным конкурсе кампазітараў, прысвечаным 500-годдзю Францыска Скарыны (1991), атрымаў II прэмію за сімфонію «Lux aeterna» для тэнара, хору i сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта. Яе прэм’ера адбылася 21 сакавіка 1997 г. падчас святкавання 1000-годдзя Гданьска (Сімфанічны аркестр Балтыцкай філармоніі, хоры Акадэміі музыкі і Гданьскага ўніверсітэта, тэнар – Пётр Кусевіч, дырыжор – Зыгмунт Рыхарт). У студзені 2000 г. на Міжнародным конкурсе кампазітараў «Jihlava-2000» у Празе яго харавы цыкл «Пагода ўжо позняй восені» на словы Леапольда Стафа атрымаў II прэмію ў намінацыі «Творы для камернага хору». Прэм’ера цыкла адбылася ў 2002 г. на 45-м Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў Празе (Кракаўскі камерны хор, дырыжор – Моніка Бахоўска).
У 2002 г. па замове Эксперыментальнай студыі Польскага радыё ў Варшаве iм быў напісаны «Шлях у Аблокі ІІ» для габоя, ударных інструментаў i камп’ютара. Твор быў рэалізаваны ў студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве. Прэм’ера адбылася на Міжнародным фестывалі «14. Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў» (Марыюш Пэндзялак – габой, Ян Пільх – ударныя інструменты, Матэвуш Бень – праекцыя гуку). У мai 2004 г. гэты твор прадстаўляў Эксперыментальную студыю Польскага радыё на міжнароднай трыбуне электраакустычнай музыкі ЮНЕСКА ў Рыме (IREM 2004).
Па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Варшаўская восень» напісаны творы для інструментальнага ансамбля «Святло на шляху» (2000) і «Маё – Ёй» (2005), якія былі выкананы ансамблем салістаў «Класік-авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава.
У 2013 г. па замове кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы ў рамках праграмы «Zamówienia kompozytorskie 2013», якая была здзейснена праз Instytut Muzyki i Tańca, быў напісаны цыкл «Пожні» для змешанага хору без суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш. Прэм’ера цыкла адбылася 15 снежня 2013 г. падчас аўтарскага канцэрта кампазітара ў Кракаве (вакальны ансамбль SINGET, дырыжор – Марыя Янушкевіч). Яшчэ сем аўтарскіх канцэртаў кампазітара з поспехам прайшлі ў Мінску (2011, 2015,2016,2017), Кракаве (2015, 2017) і Познані(2017).
Творы Я. Паплаўскага выконваліся на міжнародных фестывалях сучаснай музыкі ў Аргенціне, Бразіліі, Германіі, Даніі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Расіі, Украіне і Чэхіі. Яго творчасць увасоблена на васьмі монаграфічных кампакт-дысках.
Яўген Паплаўскі актыўна цікавіцца гісторыяй музычнага жыцця ў Бeлapyci. Ён з’яўляўся адным з заснавальнікаў i дырэктарам (да 1996) Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання «Беларуская Капэла», створанага ў 1992 г., мэтай якога з’яўляецца пошук, вывучэнне i ўвядзенне ў выканальніцкую практыку старадаўняй беларускай музыкі. Праца Яўгена Паплаўскага ў архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска i Санкт-Пецярбурга была плённай. Знойдзеныя матэрыялы сталі асновай рэпертуару штогадовага фестывалю «Адраджэнне беларускай капэлы». Ён таксама з’яўляецца аўтарам сцэнарыя балета «Тэагонія» паводле аднайменнага твора Гесіёда (VIII ст. да н. э.), у якім узноўлены прынцыпы нясвіжскага тэатра, заснаванага ў 1740 г. Уршуляй Радзівіл (1705–1753). Паводле яго драматургічнай ідэі ў 1995 г. быў пастаўлены балет «Паланэз» на музыку Mixaлa Клеафаса Агінскага (1765–1833). У 2008 г. Яўген Паплаўскі сумесна з Расійскай нацыянальнай бібліятэкай і Польскім інстытутам у Санкт-Пецярбургу заснаваў серыю нотных выданняў «Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай нацыянальнай бібліятэкі». Свет пабачылі ўжо 12 сшыткаў серыі.
У электронным выданні 2013 г. на 2 дысках DVD, прысвечаных аднаму з самых унікальных творцаў ХІХ ст. Юзафу Ігнацыю Крашэўскаму (1812–1887), раздзел «Музычнае мастацтва» складаецца з матэрыялаў, знойдзеных і даследаваных Я. У. Паплаўскім. Выданне падрыхтавана ў рамках Міжнароднага праекта пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.
Член Саюза кампазітараў Беларусі (1989) і Związku Kompozytorów Polsĸich (2011).