Людміла Карпаўна ШЛЕГ

Л. К. Шлег (род. 1948)

Л. К. Шлег
(род. 1948)

Нарадзілася ў гор. Баранавічы Брэсцкай вобл. (1948).

Закончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі прафесара Д. Б. Смольскага(1972) і асістэнтуру-стажыроўку Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара С. М. Сланімскага (1980).
Член СК Беларусі (1974).

Людміла Шлег актыўна працуе ў галіне аркестравай, вакальна-інструментальнай, камернай і харавой музыкі. Мастацкі змест і музычная вобразнасць яе твораў выклікаюць канкрэтныя асацыяцыі, своеасаблівыя і незвычайныя. Галоўная тэма творчасці кампазітара — Чалавек, які разглядаецца ў кантэксце Беларусі і славянскай культуры ў цэлым, а таксама ў сувязі з ідэямі будовы і жыцця Сусвету. Багата прадстаўлена і старадаўняя беларуская тэматыка, звязаная з уваскрашэннем архаічных вобразаў, язычніцкіх абрадаў і рытуалаў, пеўчых традыцый праваслаўнай і каталіцкай царквы. Шырыня тэматыкі цесна звязана з эмацыянальнай амплітудай твораў, у якіх спалучаюцца эпічнае апавяданне і лірыка, экспрэсія, псіхалагізм і тэатральная яркасць, філасофская паглыбленасць і драматызм.

Л. Шлег піша ў асноўным праграмную музыку. Вызначальнай рысай яе стылю з’яўляецца мастацкі сінтэз. Кампазітар умела спалучае сучасную і фальклорную інтанацыі, старадаўні модус і храматыку, даволі часта звяртаецца да стылізацыі. Музыка яе адметная яркай маляўнічасцю аркестравага тэмбру, гарманійным каларытам, выразнасцю ўсіх кампанентаў мовы.

Людміла Шлег заявіла аб сабе ў пачатку 70-ых гадоў. У творах гэтага перыяду, пераважна камерна-інструментальных і вакальных, звяртае на сябе ўвагу своеасаблівасць яе творчай манеры. У вакальным цыкле на вершы беларускіх паэтаў «Аб мінулым», прысвечаным падзеям ваенных гадоў, у вакальна-інструментальнай сцэне «Урок поліфаніі», інструментальных варыяцыях на тэму беларускай народнай песні «Го-го-го, каза», сімфанічнай карціне «Несцерка» выявілася імкненне маладога кампазітара да тэатралізацыі, да арыгінальнага выкарыстання фальклору і разумення музычнай мовы і формы.

Камерная музыка стала творчай лабараторыяй, у якой Л. Шлег апрабавала розныя сродкі выразнасці і найноўшую кампазіцыйную тэхніку. У гэты перыяд напісаны Саната для кантрабаса, фартэпіянны цыкл «Мікракосм», «Серыя кароткіх інтэрв’ю струннага квартэта». Адначасова праявілася цікавасць кампазітара і да тэатральнай музыкі. У радыёоперы «Тараканище» была зроблена спроба трактаваць сатырычныя вобразы ў характэрнай для кампазітара манеры сінтэзавання «старога» і «новага», а ў тэатралізаваным прадстаўленні «Калядкі» — стварыць сучасную фальклорную оперу для дзяцей.

Многія творы Л. Шлег гэтага часу звязаны з нацыянальнай вобразнасцю. Іх вылучае яркая нацыянальная афарбоўка, паказаная праз фальклорную сюжэтнасць, зварот да народных інструментаў і манеры выканальніцтва, а таксама праз мастацкае праламленне народных рытуалаў. Гэта «Беларускія матьівы» для актэта домраў, «Палескія мініяцюры» для баяна, харавая сюіта «Калядзіца», «Купалінка» для вакальнага квартэта, «Беларускія напевы» для фартэпіяна, вакальныя зборнікі «Беларусачка», «Старадаўнія жніўныя песні», у якіх выкарыстаны альбо мелодыі, альбо словы народных песень.

З гадамі выразна выявілася прыхільнасць кампазітара да буйных формаў, якія дазволілі ўвасобіць вострасюжэтны змест. Ствараюцца сюіта для сімфанічнага аркестра «Кірмашовыя замалёўкі», дзіцячая опера «Каваль — залатыя рукі», рэквіем «Помните!», які напісаны па матывах кнігі «Я з вогненнай вёскі…» А. Адамовіча з выкарыстаннем тэкстаў Я. Брыля і У. Калесніка, кантата «Трава-мурава», дзе персаніфіцыраваны салісты і хор. У такой стылявой разнастайнасці бачыцца своеасаблівасць творчасці кампазітара. Л. Шлег знайшла свой шлях у мастацтве, свой стыль і сваю манеру выказвання, звязаную з сінтэзам «старога» і «новага».

Наступныя творы характарызуюцца новымі пошукамі ў галіне жанру і стылю. Л. Шлег усё болей цікавяць глыбінныя пласты славянскай культуры, беларускі эпас. У вакальна-сімфанічнай карціне «Ігрышчы», вакальна-сімфанічным дзействе «Гуканне вясны», араторыі «Сказ пра Ігара», канцэрце-феерыі «Юр’еў дзень» і іншых уводзяцца санорнасць і алеаторыка, усё шырэй выкарыстоўваецца дысанантны каларыт. Кампазітар паглыблена-псіхалагічна трактуе рэлігійныя вобразы і пераносіць іх з абст-рактнага свету ў свет рэальных гістарычных асоб і герояў славянскага эпасу.

Глыбокая цікавасць да старадаўняй культуры — не толькі славянскай, але і заходнееўрапейскай — адзначыла новы этап творчай эвалюцыі кампазітара. Прыйшла сталасць, дакладна выявіліся тры лініі, якія маюць канкрэтныя вытокі і мастацкія арыенціры: фальклор, славянская і еўрапейская старадаўнасць і экстравагантная сучаснасць. Яны найбольш поўна раскрыты ў творах, дзе спалучаюцца рэлігійная сімволіка і глыбокія пачуцці сучасніка.

Кожнае сачыненне Людмілы Шлег па-свойму арыгінальнае і своеасаблівае, на кожным з іх прысутнічае адбітак багатай і яркай мастацкай натуры.

Творы

Сцэнічная музыка

Оперы: радыёопера «Тараканніце» (сл. К. Чукоўскага, агучана на Беларускім радыё, 1973); народная опера-дзейства «Калядкі» (сл. народныя, лібр. Л. Шлег, 1975, выконвалася народнымі тэатрамі Беларусі); «Каваль — залатыя рукі» (лібр. А. Вольскага, 1980).

Вакальна-інструментальная музыка

Араторыі: «Славіца» (вершы беларускіх паэтаў, 1977), «Сказ пра Ігара» (тэкст са «Слова аб палку Ігаравым» у перакладзе Я. Купалы, 1985), «Иконостас» (тэксты з Евангелля і знаменных распеваў, 1989).

Рэквіем «Помните!» (сл. А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка, 1980).

Кантаты: «Дударыкі» (сл. В. Віткі, 1975), «Трава-мурава» (сл. народныя, 1979), камерная кантата «Скарбонка мінулага» для хо-ру, салістаў і аргана (паводле вершаў Т. Бондар, 1987).

Рамансы: «Кукушка» для вакальнага квартэта і струннага аркестра (сл. У. Трафіменкі, 1968), «Утес» для саліста, кларнета і струннага аркестра (сл. М. Лермантава, 1968); паэма «Ах ты, дуй» для баса і народнага аркестра (сл. народныя, 1982), вакальна-сімфанічная карціна «Ігрышчы» (спяванне без слоў, 1983), вакальна-сімфанічнае дзеянне «Гуканне вясны» (спяванне без слоў, 1986), канцэртны трыпціх «Stabat Mater» для дзіцячага хору, салістаў, аргана і аркестра (лацінскія кананічныя тэксты, 1992), канчэрта-рэтра «Алілуя» (1993), кантавы сшытак «In memoriam» для хору, салістаў і аргана (спяванне без слоў, 1987).

Аркестравая музыка

Для сімфанічнага аркестра: сімфанічная карціна «Несцерка» (1972), сюіта «Кірмашовыя замалёўкі» (1980), паэма «Сымон-музыка» (1980), «Аркестравая фрэска па іконе Андрэя Рублёва «Троица» ў гонар Сяргея Раданежскага» (1993).

Канцэрт для ф-на з аркестрам (1967), канцэрт-феерыя «Юр’еў дзень» для габоя (англійскага ражка) з аркестрам (1989).

Для камернага аркестра: Скерцына (1974), Бурлеска (1978), канчэрта-гроса «Складзень» (1988).

Для народнага аркестра: Уверцюра (1974), Гумарэска (1975).

Для дзіцячага аркестра: Скерцына (1977).

Для эстраднага аркестра: Уверцюра (1974).

Камерна-інструментальная музыка

Для фартэпіяна: Санаціна, Альбом п’ес, Тэма з варыяцыямі (1967), Два фантастычныя танцы (1971), «Як Сяргейка здаваў гамы» (1975); цыклы: «Дзіцячы куточак» (1973), «Мікракосм» (1974), «Пра Сярожу» (1975), «Мае думкі», «Накіды» (1976), «Беларускія напевы» (1977), «Забаўлянкі» (1990), «Ражство Прасвятой Багародзіцы» (1993), міні-сюіта «Тры старонкі з дзённіка юных вандроўнікаў» (1993); Ансамбль для двух ф-на (1988). Для флейты і фартэпіяна: Дзве п’есы (1970), Санаціна, Саната (1974), цыкл п’ес «3 песень аб сваёй старонцы» (1982). Для кантрабаса: Саната (1974), сюіта «Слуцкія пісьмёны» (1988).

Для ансамбля скрыпачоў: цыкл «Дзіцячыя гульні» (1982), п’еса «Забытая мелодыя» (1986). Для інструментальнага ансамбля: сюіта «Залаты ключык» (1982), «Маленькая калядная кантата» (1993). Для баяна: Дзве п’есы (1969), Саната (1974); цыклы: «Палескія мініяцюры» (1974), «Замалёўкі» (1975).

Для цымбалаў. Цыклы: «Фрэскавыя ўзоры» (1982), «Тры лікі» (1989), «Благавешчанне» (1993). Для ансамбля цымбалістаў: п’еса «Гарэзлівая полька» (1977), інструментальнае песнапенне «Жыццяносная крыніца» (1993).

«Маналог» для віяланчэляў (1967), «Раманс» для скрыпкі і ф-на (1967), Ансамбль для квартэта валторнаў (1967), Ронда для цым-балаў і ф-на (1969), Струнны квартэт (1971), Струннае трыо (1972), сюіта «Беларускія матывы» для актэта домраў (1973), цыкл п’ес «Дубочак» для трубы і ф-на (1974), сюіта «Пакаці гарошак» для домры і ф-на («Калыханка матулі», «Па-кацігарошак», «Браты», «Змей і Пакацігарошынка», «Сястрыца», «Вяртанне дахаты», 1975), цыкл п’ес «Замалёўкі» для балалайкі і ф-на (1975), «Серыя кароткіх інтэрв’ю струннага квартэта» (1976), цыкл п’ес «Беларускі сшытак школьніка» для домры (1977, II рэд. — для баяна і ф-на, 1977), п’есы «Дражнілка» і «За-баўлянка» для скрыпкі, віяланчэлі і ф-на (1982), «Мелодыя» для эстраднага ансамбля (1986), «Беларуская полька» для дзвюх дом-раў (1987), Ансамбль для двух фаготаў і ф-на (1987), сюіта «Ка-ляндарныя песні» для дзвюх валторнаў і ф-на (1988), зборнік «Ду-дарачка» для кларнета і ф-на (1988), сюіта «Дафніс і Хлоя» для габоя (1988); цыклы: «Гадкае качаняці» для англійскага ражка, скрыпкі і ф-на (1989), «Песня псалтырыёна» для габоя і цымбалаў (1993).

Вакальная музыка

Для хору а капэла

Сюіты: «Лубок» («Забаўлянка», «Драж-нілка», «Калыханка», «Лічылка», «Песня», «Заклічка», «Гульня», «Прыгаворка», сл. народныя, 1974), «Калядзіца» (сл. народныя, 1976); цыклы: «Зоркі на лузе» («Яблычак», «Зоркі на лузе», «Ра-дасць», 1975), «Дзіцячыя ігры» (сл. народныя, 1975), «Каляндарныя песні» (сл. народныя, 1983), «Малітваслоў» (кананічныя тэк-сты, 1991); паэмы: «Вяснянка» (сл. народныя, 1983), «Маўчаць вянкі» (сл. С. Блатуна, 1983), «Бацькаўшчына» (сл. Т. Дзмітрусёвай, 1984), «Святы покрыў» (сл. А. Бембеля, 1991); канцэрты: «Благослови душе моя…» (на літургічныя тэксты, 1990), «Тебе поем…» (тэксты з царкоўнаславянскіх малітваў, 1993), «Велнчай душе моя» (па напеву Троіца-Сергіевай лаўры з «Троицкого Ирмология», 1993); песнапенні: «Спас нерукотворный» (літургічныя тэксты, 1990), «Песнапенні аб беларускіх святых» (літургічныя тэксты, 1990), «Псалтир пророка Давида» (літургічныя тэксты, 1991), «Песнапеньне аб Ефрасіньні Полацкай» (царкоўнаславянскія тэксты XI—XII стст., 1992), «Гимн в честь Кирилла и Мефодия» (літургічныя тэксты, 1993); хоры: «Мастер и верблюд» (сл. уласныя, 1969), «А пайшоў Апанас» (сл. народныя, 1975), «Вера беларуса» (сл. А. Пашкевіч, 1976), «Плошча Перамогі» (сл. А. Астрэйкі, 1977), «Кастрычнік — гэта месяц мой» (сл. Э. Агняцвет, 1977), «Жыта» (сл. А. Вялюгіна, 1978), паэма «Памяць» (сл. П. Марціновіча, 1991); апрацоўкі: беларускіх народных песень («Го-го-го, каза», 1972, «Саўка ды Грышка», «Ой, рана, рана куранькі пяюць», «Ад панядзелка да панядзелка», «А ў цёмным лесе сава кугіча», «Жавароначкі, прыляціце», 1977; «Ой, ды ў нашым сяле свадзьба будзе», 1982), балгарскай народнай песні (1977), трох калядных кантаў («Нова радость стала», «Дар ныне пребогатый», «Скиния златая», тэксты царкоўнаславянскіх малітваў, 1993).

Для голасу з суправаджэннем

Цыклы: «Сборник романсов на тексты сонетов У. Шекспира» (1965), «Веселая минутка» (1967), «Аб мінулым» (сл. Д. Сімановіча, С. Блатуна, X. Мальцінскага, 1968), «Урок полифонии» для вакальна-інструментальнага ансамбля (сл. уласныя, 1969), «Кобальт сіні» для голасу, цымбалаў і ф-на (спяванне без слоў, 1973), «Два рамансы на вершы М. Танка» (1977), «Няма дурных» («Комплекс непаўнацэннасці», «Абыякавасць», «Няма дурных», сл. А. Вярцінскага, 1979), «Вянок» (сл. М. Багдановіча, 1981), «Песні зямлі» для дзвюх салістак і ф-нага квінтэта (сл. Я. Коласа, 1981), «Вянок санетаў «Vade mecum» (сл. Ц. Норвіда, 1990); цыклы на народныя тэксты: «Гумарэскі» для вакальнага дуэта (1974), «Беларусачка» для салістаў і двух баянаў (1975), «Старадаўнія жніўныя песні» для голасу і інструментальнага ансамбля (1976), «Беларускія гумарэскі» для салістаў і інструментальнага ансамбля (1976); апрацоўкі народньіх песень: «Сяляначка» для жаночага квартэта (1977), «Дванаццаць апрацовак для голасу з ф-на» (1982), «Жавароначкі, прыляціце» для голасу і інструментальнага ансамбля (1983).

Песня «Вот н кончнлась война» (сл. У. Трафіменкі).

Прыкладная музыка

Да лялечнага спектакля: «Бел-горюч камень» (1969).

Публікацыі кампазітара

Добры дзень, музыка! // Піянер Беларусі. 1977. 17 сак.

Авторы рассказывают // Сов. музыка. 1977. № 5.

Памятаваць —наш абавязак //Работніца і сялянка. 1984. № 7.

Да музыкі з увагай // ЛіМ. 1987. 16 кастр.

Штрыхі да партрэта восені // ЛіМ. 1987. 27 лістап.

Ці ж заўсёды памятаем пра дзяцей? // ЛіМ. 1988. 29 студз.

Калі музы маўчаць // Мастацтва Беларусі. 1988. № 9.

Шляхі пошуку // Мастацтва. 1992. № 9.

Літаратура пра кампазітара

Аладова Р. Людмила Шлег. Мн., 1981.

Братушэнка С. Роднага краю напевы // Работніца і сялянка. 1973. № 3.

Ракаеа А. На пачатку шляху // Голас Радзімы. 1975. крас.

Ракава А. Мелодыя спявае ў сэрцы // ЛіМ. 1976. 16 студз.

Юденич Н. Доброго пути! // Сов. музыка. 1983. № 8.

Макаранка Л. Помніць! // ЛіМ. 1984. 9 сак.

Вітка В. Традыцыі, пошук, эксперымент // ЛіМ. 1984. 24 лістап.

Ресурсы о композиторе в Интернет

http://classmusic.iatp.by/ru/Shleg.html — Страница о Л.К. Шлег на сайте «Белорусская музыка»