Twitter-лента

Дзмітрый Браніслававіч СМОЛЬСКІ

Дмитрий Смольский

Смольскі Д.Б. (1937-2017)

Нарадзіўся ў гор. Мінску (1937).

Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю по класу кампазіцыі прафесара А. В. Багатырова (1960), аспірантуру пад кіраўніцтвам прафесара Маскоўскай кансерваторыі М. І. Пяйко (1967).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972).
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1975).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980).
Прафесар (1986).
Народны артыст Беларусі (1987).
Член СК Беларусі (1961).
Памёр і пахаваны ў Мінску (2017).

Творчасць Д. Смольскага цесна звязана з разнастайнымі накірункамі сучаснага музычнага мастацтва. Яго оперы, араторыі, сімфоніі адметныя яркай індывідуальнасцю стылю, своеасаблівасцю творчых задум, мастацкай сталасцю. Для музыкі Д. Смольскага характэрна прыхільнасць да паглыбленай псіхалагічнасці і драматызму, да філасофскіх абагульненняў, якія адлюстроўваюць унутраны стан чалавека. Часам сачыненні набываюць рамантычную афарбоўку, звязаную са светам узвышаных пачуццяў і эмоцый. Майстэрскае валоданне сінтаксісам і тэхнікай сучаснай музыкі арганічна дапоўнена ў яго творах хараством формы, арыгінальнасцю творчай ідэі, гучаннем самабытнай «інтанацыі Смольскага».Творчы шлях кампазітара — яркая старонка беларускага летапісу сучаснай музыкі. У пачатку сваёй дзейнасці ён знаходзіўся пад уплывам розных напрамкаў і асабліва — новавенскай кампазітарскай школы. Сур’ёзнае захапленне дадэкафоніяй, найноўшымі кампазітарскімі тэхнікамі знайшло адлюстраванне ў Санаце для флейты і фартэпіяна, «Актафоніі», а таксама ў камернай араторыі «Песні Хірасімы», прысвечанай ахвярам атамнай агрэсіі. Творы вызначаюцца майстэрскім валоданнем прыёмамі контрапунктычнага пісьма, санорыкай, якія раскрываюць у новым ракурсе глыбокія грамадзянскія пачуцці. У паслядоўным асваенні кампазітарам дванаццацітонавага метаду яскрава бачны рух ад малых форм і жанраў да буйных, ад малога інструментальнага саставу да пашыранага. Гэты працэс суправаджаўся абагачэннем жанраў, ужо асвоеных кампазітарам.

Высокі прафесіяналізм маладога кампазітара, смеласць думкі і арыгінальнасць творчай манеры забяспечылі поспех: творы выконваліся ў розных гарадах СССР, былі запісаны на пласцінку фірмай «Мелодыя». Саната для флейты і фартэпіяна з’яўлялася і абавязковым творам у праграме для выканаўцаў на духавых інструментах — удзельнікаў усесаюзных і міжнародных конкурсаў, якія штогод праводзіліся ў розных краінах свету.

З цягам часу інтарэс да канструктыўнай музыкі з характэрным для яе спалучэннем вытанчаных пачуццяў і экспрэсіі змяніўся інтарэсам да рэалістычнага мастацтва. У канцы 60-ых гадоў эвалюцыя стылю прывяла да збліжэння традыцыйнага і наватарскага, да мастацкага адзінства (араторыя «Мая Радзіма» на вершы беларускіх паэтаў, вакальна-сімфанічная паэма «Два лика Земли», «Святочная уверцюра» для сімфанічнага аркестра). Стылістычна творы адрозніваюцца ад папярэдніх і адлюстроўваюць шлях да ўмеранага стылю, рысы якога прасочваліся ў Цымбальным канцэрце і уверцюрах для народнага аркестра. Разам з тым яны вызначылі тое кола сродкаў музычнай выразнасці, спецыфічнасць асобных прыёмаў, якія дэманструюць стылістычны сінтэз. Паступова ён стаў характэрнай рысай творчасці.

Да найбольш яркіх твораў 70-ых гадоў адносіцца араторыя «Мая Радзіма», прысвечаная Беларусі. Шматгранны вобразны змест сведчыць аб імкненні аўтара да спалучэння індывідуальнага і агульнага, да адлюстравання рэчаіснасці праз асабістьія адносіны да яе. Светлая, урачыстая прыўзнятасць разам з элегічным настроем — асноўны эмацыянальны тонус музыкі. За гэты твор кампазітар быў удастоены звання лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

70-ыя гады прыкметны зваротам Д. Смольскага да музыкі для сольных інструментаў. Ён напісаў Другі цымбальны і Другі фартэпіянны канцэрты, два канцэрціны (для скрыпкі і для віяланчэлі), дзве уверцюры для народнага аркестра, якія сцвярджаюць дэмакратычнасць музычнай мовы. Адначасова з творамі буйной формы ствараліся камерныя. Гэта вакальныя цыклы на вершы Ф. Г. Лоркі, Ф. Цютчава, п’есы для цымбалаў, для альта і фартэпіяна, ад якіх працягваюцца ніці да выдатнейшага твора — «Элегіі і Такаты памяці Д. Шастаковіча». Эмацыянальную амплітуду камерных сачыненняў вызначае спавядальны тон, лірыка-псіхалагічная паглыбленасць. Насычэнне музыкі драматычнай вобразнасцю ў спалучэнні з напружаным псіхалагізмам і  філасофскім настроем — новы бок стылю кампазітара, які сведчыць аб яго светапоглядзе і светаадчуванні.

У 70-ыя гады Д. Смольскі звяртаецца да опернага жанру, ахопліваючы шырокае кола вобразаў, якія звязаны з гістарычным мінулым краіны. На сцэне ДАВТа Беларусі была пастаўлена першая опера кампазітара «Сівая легенда», якая вызначыла яго прыхільнасць да рамантычнай вобразнасці і непасрэднага эмацыянальнага выказвання. Яркая музыка, глыбокі змест, высокі прафесійны ўзровень паставілі гэты твор у шэраг значных дасягненняў беларускага мастацтва 80-ых гадоў. У 1980 годзе кампазітару была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі.

Потым з’явіліся новыя оперы — «Францыск Скарына», «Апалон-заканадаўца». Для іх музычнай мовы характэрныя натуральнае пачуццё вакалу, прыхільнасць да буйнога штрыха, выразнасць сцэнічных вобразаў і музычных характарыстык, канфліктная драматургія, насычаная ўнутранай дынамікай і напружаным развіццём, аркестравая прыгажосць і меладыйнае хараство. Адметная рамантызацыя вобразаў надае ім рысы паэтычнай узнёсласці.

Асобнае месца ў творчасці займае араторыя «Паэт», прысвечаная Янку Купалу. Складаны, псіхалагічна дакладны вобраз беларускага песняра ўвасоблены праз паказ жыцця і быту беларускага народа. Адсюль шырокі зварот да меладыйнага строю гарадскога фальклору і бытавой песеннай стыхіі, а таксама да інтанацыі сялянскай песні, што арганічна спалучаюцца з экспрэсіўным, яркім інструментальным тэмбрам. Гучанне аркестра перадае і ўнутраны свет, і душэўны стан, і думкі Янкі Купалы, а таксама ілюструе фрагменты з жыцця беларусаў.

У 1984 годзе на канцэрце IX з’езда кампазітараў Беларусі адбылася прэм’ера Другой сімфоніі, напісанай праз 20 гадоў пасля Першай. У наступныя гады былі створаны Трэцяя, Чацвёртая, Пя-тая, Шостая… Кожная з іх глыбока своеасаблівая, хоць ёсць і некаторыя рысы супольнасці. Яны — у інтарэсе кампазітара да розных інструментальных саставаў з вылучэннем аднаго інструмента ў якасці саліруючага, у калажнай тэхніцы, заснаванай на інкруставанні аўтарскага матэрыялу музыкай класікаў. Полістылістыка істотна пашырыла жанравыя межы сімфоній, набліжаючы іх да канцэрта або да своеасаблівага музычнага апавядання. Пачынаючы з Другой сімфоніі галоўнай тэмай твораў з’яўляецца Чалавек і Сучасны Свет. Так, у Трэцяй, прысвечанай вядомаму беларускаму кампазітару Льву Абеліёвічу, гэта тэма набывае шырокае ўвасабленне: вобраз Творцы сімвалізуе абагульнены вобраз Мастака з яго шырокім колам музычных дасягненняў.

Чацвёртая сімфонія, напісаная для аркестра і саліруючай скрыпкі, вызначаецца глыбокім псіхалагізмам у спалучэнні з узнёслай лірыкай. Сімфонія ўяўляе вытанчана-інтэлектуальную лінію творчасці, пачатак якой быў пакладзены ў камернай музыцы.

Пятая сімфонія працягвае лінію лірыка-псіхалагічнага сімфанізму, звязанага з увасабленнем унутранага свету мастака. Лаканізм мовы і аркестравых сродкаў, якія адпавядаюць імкненню кампазітара да ўзвышанай прастаты і музычнай выразнасці, у асноўным абумоўлены камернасцю гэтага твора.

Пра сваю Шостую сімфонію, завершаную ў 1989 годзе, кампазітар выказаў наступнае: «У аснове сімфоніі ляжыць філасофская праблема проціборства ўнутранага вобраза і вобразаў знешняга свету… Свет і чалавек, чалавек і свет — вось галоўная ідэя гэтага твора».

У позніх сімфоніях кампазітар імкнецца да арыгінальнага вырашэння сімфанічнага цыкла, насычаючы драматургію багаццем кантрастаў. У драматычна напружаных дыялогах вядзецца размова аб спрадвечных пытаннях быцця. Ідэя стварэння і філасофскага роздуму асабліва ярка раскрыта ў Восьмай сімфоніі з тэкстамі I. Броцкага. Музычная мова ў ёй аб’ядноўвае тыя сродкі выразнасці, якія прысутнічаюць ва ўсіх другіх сімфоніях сталага перыяду. Упершыню ў творчасці кампазітара ў сімфонію ўводзіцца голас чытальніка.

Сімфоніі Д. Смольскага з’явіліся важным этапам у развіцці беларускага непраграмнага сімфанізму. Вобразная яркасць, цяга да экспрэсіўнага аркестравага пісьма, тонкая матыўная работа, монатэматычны прынцып, дакладнасць структурных абрысаў, арыгінальнае выкарыстанне нацыянальнага меласу і пошукі ў галіне жанру, звязаныя з увядзеннем у сімфонію саліруючага інструмента,— вось асноўныя прыкметы сталага стылю кампазітара. Сімфоніі належаць да тых музычных летапісаў, якія адлюстравалі духоўную атмасферу часу і вызначылі адну з вядучых ліній беларускай сімфанічнай музыкі. Яны добра вядомы не толькі беларускаму слу-хачу, але і далёка за межамі рэспублікі.

Яркі і шматгранны талент кампазітара праявіў сябе і ў педагагічнай працы. У якасці прафесара Беларускай акадэміі музыкі ён доўгі час вёў клас кампазіцыі і аддаваў шмат сіл на выхаванне маладога пакалення музыкантаў. Педагагічная дзейнасць Д. Смольскага была звязана з вопытам сучаснай музыкі і склала новы напрамак у беларускай кампазітарскай школе.

Творы

Сцэнічная музыка

Оперы: «Сівая легенда» (лібр. У. Караткевіча, паст. ДАВТам РБ, 1978); «Францыск Скарына» (лібр. С. Клімковіч, паст. на Беларускім тэлебачанні, 1988); канцэртная опера «Апалон-зака-надаўца» (па матывах аднайменнай оперы Р. Вардоцкага(?), паст. Беларускай дзяржаўнай філармоніяй, 1991).

Харэаграфічныя кампазіцыі: паэма «Патрыятычны эцюд» (1967), малюнак «Беларусы» (1967), Дзве балетныя сцэны (1969).

Вакальна-інструментальная музыка

Араторыі «Песнн Хиросимы» для салістаў, двух фартэпіяна і чытальніка («Голос Хиросимы», сл. Т. Сімідзу, «Песок шестого августа», сл. Э. Янэдзі, «Снег», сл. С. Фукуду, «Стронцнй-90», сл. Т. Она, «Моя Японня», сл. X. Номі, 1966); «Мая Радзіма» (сл. Р. Барадуліна, Н. Гілевіча, А. Александровіча, А. Ставера, С. Грахоўскага, А. Вярцінскага, П. Панчанкі, М. Танка і народныя, 1970); «Паэт» («Шчаслівасць», «Гуслі-самаграі», «З гора ды з бяды», «На сенажаці», «Царскія дары», «Час», «О, так! Я — пралятар!», «Я — калгасніца», «Для тых, каго люблю», «Паэт і цэнзар», «З’езду Саветаў», «Сімфанічная карціна», «Шчаслівасць», сл. Я. Купалы, 1979).

Вакальна-сімфанічныя паэмы: «Голоса рассвета» (сл. А. Дасталя, 1963), «Два лика Земли» (сл. М. Алтухова, 1969), «Поэма о Немане» (сл. П. Макаля, П. Харкова, 1975), «Поэма о Днепре» (сл. П. Макаля, П. Харкова, 1975); цыкл «Бабін век» (сл. Е. Лось, 1971).

Для народнага аркестра і хору: паэма «Мы сейбіты шчасця» (сл. П. Макаля, 1968), апрацоўка песні «Зорка Венера» для голасу і аркестра (1981).

Аркестравая музыка

Для сімфанічнага аркестра.

Сімфоніі: № 1 (1962), Актафонія (1967), № 2 (1982), № 3 для аркестра і саліруючага ф-на (1985), № 4 для аркестра і саліруючай скрыпкі (1986), № 6 (1989), № 7 (1990), «Восьмая сімфонія з вершамі I. Бродскага» (1992), № 9 (1994); Святочная уверцюра (1963), Музыка для струнных, дзвюх труб і баяна з аркестрам (1965), паэма «Беларусь» (1968), дзве ўрачыстыя уверцюры «Да 90-годдзя Я. Купалы» і «Памяці Я. Коласа» (1972), Сімфанічная карціна (1974).

Канцэрты для фартэпіяна з аркестрам № 1 (1960), № 2 (1975).

Для камернага аркестра. Канцэрціны: для скрыпкі (1972), для віяланчэлі (1973); Арыя (1978),«Сымон-музыка» для скрыпкі, ан-самбля скрыпачоў і аркестра (1982), Пятая сімфонія (1987).
100
Канцэрты для цымбалаў і аркестра: № 2 «Памяці I. Жыновіча» (1974), № 3 (1983).

Для народнага аркестра. Уверцюры: № 1 (1962), № 2 «Святочны дзень» (1971), № 3 (1974); «Беларускі распеў» (1978), «Рапсо-дыя» для двух цымбалаў (1980), паэма «Партызанская мадонна» (1985).

Канцэрт № 1 для цымбалаў і аркестра (1961).

Для эстраднага аркестра: Баса-асціната на тэму беларускай народнай песні «Чаму ж мне ня пець» (1962).

Камерна-інструментальная музыка

Для фартэпіяна. Санаты: № 1 (1956), № 2 (1959); Вальс (1964), сюіта «Гульня фарбаў» (1964), Тры прэлюдыі і фугі (1982). Для флейты і фартэпіяна: Варыяцыі на «баса-асціната» (Мелодыя, Рытм, Гармонія, 1963), Саната (1965). Для валторны і фартэпіяна: Скерца, Экспромт (1980). Для скрыпкі і фартэпіяна: «Элегія і Таката памяці Д. Шастаковіча» (1975), «Рас-пеў», Танец (1977).

Варыяцыі для духавых і ўдарных інструментаў (1971), Элегія і Ронда для альта і ф-на (1973), Тры п’есы для цымбалаў і ф-на (1973), Ронда для віяланчэлі і ф-на (1979), Дзве п’есы для цымбалаў сола (1981), Струнны квартэт (1983), п’еса «Да пытання аб узаемаразуменні» для флейты і фагота (1989).

Вакальная музыка

Для голасу з суправаджэннем

Цыклы: «Дзявочыя лірычныя» («I нашто мне шум трывожны», «Ой, чаго я сохну», «Ты прыйдзі, маё шчасце, прыйдзі», «Я не знаю сама», «Як мне добра, як мне шчасна», сл. А. Астрэйкі, 1959), «Испанский триптих» («Гитара», «Танец», «Селенне», сл. Ф. Г. Лоркі, 1971), «Вокальный цикл на стихи Ф. Тютчева» (1976), «Пять лирических интермеццо» (сл. Г. Гейнэ, 1978), Трыпціх для голасу, скрыпкі і ф-на («Арлы-брацці», «Скрыпка», «Вера Беларусі», сл. А. Пашкевіч, 1978), «Три монолога» (сл. Я. Палонскага, 1978), «Вокальный цикл на стихи А. Вознесенского» («Испанская песня», «Фары дальнего света», «Грех», 1979), «Вокальный цнкл на слова А. Ахматовой» (1980), «Вокальный цикл на слова М. Цветаевой» («Родина», «Есть счастливцы и счастливицы», «Удар», 1980), «Вокальный цикл на стихи Б. Пастернака» («Колыбельная», «Метель», «Откровение», 1983); рамансы: «Баллада о братстве» (сл. А. Суркова, 1959), «Паэма аб каханні» (сл. А. Дзеружынскага, 1962), «Памаліся», «З кірмашу» (сл. Я. Купалы, 1982), «Домский орган» (сл. П. Харкова, 1982), «Знак беды» (сл. Т. Кузаўлёвай, 1988), «Расплата» (сл. С. Надсана, 1988).

Для хору а капэла

Хоры: «Партызанскі трыпціх» («Ля гэтых сосен», «Плача хмара без жалю», «Я хацеў бы, каб песню маю…», сл. М. Танка, 1971), паэма «Петрусь» (сл. А. Суркова, 1979), «Край мой» (сл. Н. Гілевіча, 1979).

Песні: «Песни наших отцов», «Солнечные зайчики» (сл. М. Алтухова); «Вы куда, журавли?» (сл. У. Арлова); «Песенка об отважном кузнечике», «Песенка о веселом муравье» (сл. У. Барсава); «Минская вечерняя», «Родина», «Пусть парни помнят», «Учите Родину любить», «Мне не забыть», «Песня о Родине» (сл. У. Бойкі); «Моя звезда», «Сердце Бреста» (сл. Б. Бруснікава); «Клятва», «Нет такого дня» (сл. Р. Гамзатава); «Только я да ты» (сл. М. Дубнова); «Белы караблік», «Дальва» (сл. У. Карызны); «Мае каханне», «Зварот» (сл. Е. Лось); «Песня пра Івана Чуклая» (сл. У. Паўлава); «Дзве сястры» (сл. М. Пухначова); «Песня аб Магілёве» (сл. П. Прыходзькі); «Портрет», «Дорога» (сл. Р. Пятрэнкі); «Люди в синих шинелях» (сл. Б. Спрынчана); «Туристская песня» (сл. М. Таніча); «Быць чалавекам я рад» (сл. М. Танка); «Вечерняя песня» (сл. А. Тарасевіча); «Салдаты, салдаты», «Обелиски», «Улетают журавли на север», «Осенняя песня», «А человек поет», «Белая Русь», «Наш век», «У каждого есть своя песня» (сл. М. Ясеня).

Прыкладная музыка

Да драмспектакляў: «Канстанцін Заслонаў» (1967). «Таблетку под язык» (1972). «Вор» (1973).

Да кінафільмаў: «Речицкая лирическая» (1966). «Петр Куприянов и другие», «Сказание о Минске» (1967). «Была война» (1972). «Обратная связь» (1973). «Волчья стая» (1975).

Для радыёспектакляў: «Человек из легенды» (1961).

Літаратура пра кампазітара

Юденич Н. Н. Надежды и сомнения // Сов. музыка. 1967. № 5.

Ауэрбах Л. Дзмітрый Смольскі. Мн., 1973.

Ракова Е. Дмитрий Смольский. Мн., 1975.

Назина И. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977.

Ауэрбах Л. Д. Смольский // Белорусские композиторы. М., 1978.

Дубкова Т. Дмитрий Смольский. М., 1980.

Глущенко Г. С., Степанцевич К. И. Белорусская советская музыкальная литература. Мн., 1981.

Голикова Л. Некоторые вопросы музыкальной драматургии ораторий Е. Глебова «Свяці, зара» и Д. Смольского «Мая Радзіма» // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Вып. 1. Мн., 1982.
Щербо Т. О претворении национальной традиции в концертных жанрах музыки для цимбал // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Вып. 3. Мн., 1984.

Бергер Б. Сонористические и конструктивные тенденции в фортепианной белорусской музыке // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Вып. 4. Мн., 1985.

Мдивани Т. Проблемы организации оркестровой ткани: общие закономерности (На примере произведений Д. Смольского). // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Вып. 4. Мн., 1985.

Мдивани Т. Принципы организации оркестровой ткани: драматургия контрастов (На примере произведений Д. Смольского). // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Вып. 6. Мн., 1987.

Кулешова Г. Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

Сергіенка Р. Новыя аспекты гукавышыннай арганізацыі ў бе-ларускай музыцы 60-ых гадоў // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі Вып. 12. Мн., 1993.