Памёр Алесь Рашчынскі

Rashtchinski_A1Сёння ранкам, 10 жніўня 2016 года, пайшоў з жыцця знакаміты беларускі кампазітар, збіральнік беларускага фальклору, цудоўны настаўнік і шчыры сумленны чалавек Алесь Уладзіміравіч Рашчынскі. У гэты сумны для нас дзень мы жадаем падзяліцца з беларускім грамдствам нашай балючай стратай.

Алесь Уладзіміравіч нарадзіўся ў Лагойску ў 1949 годзе. Скончыў музычны ўніверсітэт імя Гнесіных у Маскве, а пасля — Беларускую акадэмію музыкі ў класе знакамітага кампазітара Яўгена Глебава. Разам з Назаранка Яўгеніяй Барысаўнай у 1973 годзе заснаваў аддзяленне Народна-харавых спеваў у Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І.Глінкі. Доўгі час працаваў з музычнымі калектывамі «Харошкі» і «Купалінка». З 1985 года з’яўляўся членам Саюза кампазітараў Беларусі.

На жаль, шмат з яго твораў і зараз застаюцца невядомымі. Усе свае намаганні ён накіроўваў на выкладанне дырыжыравання, напісанне харавых партытур і апрацовак беларускіх народных песень і напісанне артыкалаў на роднай мове. Як і яго сябра, беларускі пісьменнік Ніл Гілевіч, Алесь Рашчынскі выдаваў зборнікі беларускіх песень за ўласныя грошы і змагаўся за шырокае выкарыстанне і распаўсюджванне беларускай мовы.

Развітаньне з Алесем Уладзіміравічам адбудзецца 11 жніўня з 13 да 15 гадзiн па адрасе: Мінск, вул. Альшэўскага, 12.

Адміністрацыя партала Хор.by выказвае свае спачуванні родным і блізкім кампазітара.

1 комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *