Інтэрв'ю з Міхаілам Дрынеўскім

Дриневский М. П.Сваю будучую прафесiю дырыжора Мiхаiл Дрынеўскi – народны артыст Беларусi, прафесар, мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага акадэмiчнага народнага хору iмя Г.I. Цiтовiча — пачаў асвойваць з дзяцiнства.

Ужо 13-гадовым хлопчыкам кiраваў калгасным хорам у роднай вёсцы Тонеж колiшняга Тураўскага, а цяпер Лельчыцкага раёна. Блiжэй да 10-га класа пад кiраўнiцтвам юнага талента былi адразу два харавыя калектывы – калгасны i школьны. Прычым абодва мелi вялiкi поспех, слава пра iх грымела далёка па раёне. Спявалi ў Тонежы сапраўды хораша — i моладзь, i дарослыя. Як прыгадвае Мiхаiл Дрынеўскi, песнi гучалi з вечара да ранку, нягледзячы на цяжкую сялянскую працу. Нездарма ж з лёгкай рукi паэта Адама Русака гэтую палескую вёску празвалi салаўiным берагам.

— Мiхаiл Паўлавiч, разам з песеннай славай ваша вёска мае i трагiчны ваенны лёс…

— Так. У 1943-м, якраз на Каляды, з 6-га на 7 студзеня, немцы сагналi ў царкву 261 жыхара i падпалiлi… Зараз на гэтым месцы ў Тонежы ў памяць пра тых, хто быў бязвiнна загублены, будуецца новая царква.

— Трагедыя не абышла i сям’ю Дрынеўскiх?

— У тым полымi загiнула мая бабуля, бацькава мацi… Наогул, так атрымалася, што я не ведаў нi аднаго свайго дзеда, нi адну сваю бабулю. Памерлi хто яшчэ да майго нараджэння, хто — калi я быў зусiм малы.

На свет я з’явiўся ў 1941-м, 12 лютага, за чатыры месяцы да пачатку вайны. Расказваюць, перад адыходам на фронт бацька ўзяў на рукi мяне i брата Валодзю (яму на два гады больш), двое старэйшых – Дзiма i Коля — iшлi самi, i праводзiў нас з мацi да лесу. Тры гады яна там з чатырма малымi дзяцьмi хавалася. На сённяшнi розум страшна нават падумаць, як было тое вытрымаць, перажыць… Але ўратавалiся. Пасля заканчэння вайны вярнуўся бацька. Пачалi пацiху абжывацца. Праз колькi часу ў сям’i нарадзiўся яшчэ адзiн сын, Грыша.

— Цi даводзiцца цяпер бываць у родных мясцiнах?

— Як правiла, на Вялiк-дзень мы, пяцёра братоў, збiраемся ў Тонежы, каб наведаць магiлкi бацькоў. Едзем з розных гарадоў: я – з Мiнска, двое — з Санкт-Пецярбурга, адзiн – з Еўпаторыi, адзiн – з Калiнкавiчаў.

— Сярод братоў вы адзiн музыкант?

— Толькi мяне музыка зацягнула. Тры браты – медыкi, адзiн — iнжынер. Але ў дзяцiнстве ўсе спявалi, гралi, танцавалi. Акардыёнчык у нас быў, губны гармонiк трафейны, бубен — яго бацька сам рабiў з валовай скуры, каб быў мацнейшы. Бацька любiў ладзiць у доме сямейныя музычныя вечары. Бывала, нават капейчынай нас заахвочваў: хто лепш сыграе цi станчыць. Але прафесiю маю — музыкант — доўга не прызнаваў. Па вясковых мерках – несур’ёзны занятак. Кпiў з мяне, маўляў, будзеш старцам па вёсках ездзiць, казлякi збiраць (значыць, пабiрацца), i белага каня табе купiць у мяне грошай няма, каб лепш падавалi.

Пасля 7-га класа на баян у музычнае вучылiшча ў Гомелi я паступiў супраць бацькавай волi. Праўда, ненадоўга. Iнтэрнат не далi, жыць не было дзе i не было за што. Два тыднi ўпотай ад каменданта начаваў пад ложкам у брата Валодзi (ён вучыўся ў фiнансавым тэхнiкуме i меў месца ў iнтэрнаце) дый дадому падаўся. Другi раз паступаў ужо тады, калi скончыў 10 класаў, у 1959-м, i на iншую спецыяльнасць – «харавое дырыжыраванне».

— Навука з нуля, без ведання нот была складанай?

— Цяжка, канечне, дагэтуль жа спяваў i iграў на слых. Сярод навучэнцаў я адзiн быў такi непадрыхтаваны. Мне было зайздросна, бо ўсе гарадскiя пазаканчвалi музычныя школы, а я з глухаманi, хадзiў у школу, калi яшчэ i электрычнасцi не было – лучынка спачатку, пасля керагазка. Купiць самавучыцель таксама не было дзе. У вучылiшчы мае музычныя ўнiверсi-тэты пачалiся з таго, што выкладчыца па фартэпiяна начарцiла на аркушы паперы вялiкi нотны стан i распiсала на iм гукарад. Але праз колькi часу на ўроках сальфеджыа каля мяне ўжо ўсе хацелi сесцi, каб спiсаць нотную дыктоўку.

— У гады вучобы ў кансерваторыi вы былi даволi вядомым студэнтам. Капэла Палаца культуры трактарнага завода, з якой вы працавалi, мела ўсесаюзнае прызнанне сярод аматарскiх калектываў, яе ўхваляў сам Рыгор Шырма, яна была спадарож-нiцай Дзяржаўнай акадэ-мiчнай харавой капэлы БССР, якой ён кiраваў, i выступала ў самых адказных канцэртах. Чаму ж акадэмiчную музыку пераважыла народная?

— Пераважыла, бо Рыгора Раманавiча апярэдзiў Генадзь Iванавiч Цiтовiч. У 1968 годзе ён запрасiў мяне, выпускнiка кансерваторыi, працаваць хормайстрам у свой калектыў – Дзяржаўны народны хор БССР. Калi першай прапанова была б ад Шырмы, канечне, пайшоў бы да яго без разваг, бо быў захоплены акадэмiчнай музыкай, увесь вольны час студэнтам бегаў да Шырмы на рэпетыцыi, а пра народную музыку нават не думаў.

— Гавораць, абодва мэтры цёпла да вас адносiлiся i нават называлi сынком.

— Не буду адмаўляць: такое было, i гаварылася гэта адкрыта. Але Шырма называў сынком, а Цiтовiч – творчым сынком, бо ён жа «выдаў замуж» за мяне сваю «дачку», сваё любiмае дзецiшча — хор.

Наогул, у музычным свеце гэтыя дзве постацi, Шырма i Цiтовiч, – асобы рэдкай таленавiтасцi, хоць, як людзi, вельмi розныя. Рыгор Раманавiч – разважлiвы, павольны, даволi закрыты, акадэмiчны. Генадзь Iванавiч – наадварот, на эмоцыях увесь, больш даступны, размашысты, народны.

З Цiтовiчам я прапрацаваў амаль 6 гадоў, i яны былi для мяне вялiкай школай, асаблiва ў разуменнi прыроды народнай песнi, у адчуваннi яе музычнай iнтанацыi i слова.

— У калектыве, якi стварыў Цiтовiч, вы працуеце 42 гады, з iх 35 — мастацкiм кiраўнiком i галоўным дырыжорам. I ўвесь гэты час хор па праву называюць перлiнай беларускай культуры, творчай вiзiтнай карткай краiны. Што дапамагае трымацца ў лiдарах?

— Перш за ўсё адказнасць за той прадукт, якi нясеш людзям. Галоўны клопат – зрабiць усё якасна, каб наша мастацтва знайшло водгук у сэрцах людзей. I гэта датычыць не толькi народнай музыкi, але i духоўнай, царкоўнай, якую наш хор таксама выдатна выконвае.

— Як пачувае сябе народная песня побач з так званай папсой?

— Я чакаю, што прыйдзе той дзень, калi да народнай музыкi будуць па-другому ставiцца тыя, ад каго залежыць, быць ёй, квiтнець цi не. Бо гэты «гнус», як Шырма гаварыў, маючы на ўвазе эстраду, абляпiў так, што дыхаць няма чым. З таго, што сёння гучыць, працэнтаў на 90 я паставiў бы заслону. Рэдка пачуеш нешта змястоўнае, са словам чалавечым. Хiба ж магчыма на такой музыцы ўзрасцiць людзей духоўна? Вось i на першым пасяджэннi нядаўна створанага пры Савеце Мiнiстраў Беларусi Рэспублiканскага грамадскага савета па справах культуры i мастацтва, калi нам прапанавалi пiсьмова акрэслiць свае пажаданнi, я напiсаў, што неабходна даць магчымасць нашым людзям чуць i бачыць сапраўдную нацыянальную музыку. Нiчога ж не бачым, акрамя так званых «поющих трусов». I ад гэтага балюча i крыўдна… Бо iншая музыка ёсць.

Вось летась мы адзначалi 100-годдзе з дня нараджэння Генадзя Цiтовiча. Падрыхтавалi свята-конкурс, для ўдзелу ў iм адабралi па ўсёй рэс-публiцы 21 лепшы калектыў, выканаўцаў народнай музыкi, танцаў, песень. Такi багаты музычны матэрыял сабралi! Яго на ўсю краiну паказаць бы ды агучыць! Але ж нi адзiн з тэлеканалаў не зацiкавiўся. А патрэба ў людзей у народнай музыцы ёсць. Не бывае такога канцэрта нашага хору, каб пасля яго людзi — сталыя i маладыя — не падыходзiлi i не дзякавалi. Вось нядаўна ў Светлагорску выступалi – поўная зала. Спявалi амаль дзве гадзiны — авацыi ад пачатку да канца. I мы шчаслiвыя ад таго, што так цёпла ўспрымае народную песню зала.

— Акрамя музыкi, цi ёсць яшчэ якiя захапленнi ў вашым жыццi?

— Шчыра кажучы, няма калi захапляцца. У мяне ж тры месцы працы атрымлiваецца. Асноўнае – у хоры, а яшчэ выкладаю ў Акадэмii музыкi i ў педунiверсiтэце. А вось адпачываць люблю на дачы. Сам некалi збудаваў. Зруб з вёскi перавезлi, а ўжо веранду, абшыўку ўсю сам рабiў па бацькавай навуцы. Ён выдатным цесляром i сталяром быў.

— А як 70-годдзе адзначаць будзеце?

— Думаў канцэрт зрабiць, а на наступны дзень, як мае быць, вячэру. Але не выпадала: менавiта 12 лютага сцэна фiлармонii занятая, а раней канцэрт – дык загадзя быццам нельга. Так што проста накрыем з жонкай святочны стол, людзi прыйдуць, пасядзiм, юбiлей адзначым i харошыя песнi народныя паспяваем абавязкова…

Iрына СВIРКО, Рэспубліка

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Оставить комментарий

Вы можете использовать эти HTML тэги

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>