Паплаўскі — На Нараджэнне Хрыстова і Каляды [2007]

На Нараджэнне Хрыстова і Каляды : для змешанага хору / Я. У. Паплаўскі. — Мінск, 2007

На Рождество Христово и Коляды : для смешанного хора / Е. В. Поплавский. — Минск, 2007

Y. Paplauski. At Christmas and Carols. For mixed choir. Minsk, 2007

У зборник увайшлі творы сучаснага беларускага кампазітара Яўгена Паплаўскага (нар. 1959), аб’яднаныя у цыкл «На Нараджэнне Хрыстова і  Каляды«. Цыкл напісаны ў 2006 годзе і складаецца з 7 твораў для хору без суправаджэння. Кожны хор пранікнуты светлым настроем і пачуццем вялікага хрысціянскага свята.

ЗМЕСТ:
  • Найсвяцейшая [PDF]
  • Божа, Ойча наш… [PDF]
  • А ўчора з вячора… [PDF]
  • Ночка ціхая, зарыста… [PDF]
  • Бог прыняў людское цела… [PDF]
  • Зорка Бэтлеемска [PDF]
  • Дзень калядны слаўны… [PDF]

Яўген Паплаўскі нарадзіўся 20 верасня 1959 года ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускую кансерваторыю (Беларускую акадэмію музыкі) па класу Ігара Лучанка і Дзмітрыя Смольскага ў 1986 годзе. Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі і тамсама браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леюва.

У 1991 годзе па яго ініцыятыве быў арганізаваны ў Мінску Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі, які праводзіўся кожныя два гады да 1995.

3 1997 па 1999 атрымліваў стыпендыю Польскага Урада, на падставе чаго працаваў у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя Ст. Манюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» і Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам. Удзельнічаў у летніх курсах Аcanthe 2000 / Ircam.

На Нацыянальным конкурсе кампазітараў, прысвечаным 500-годдзю Францішка Скарыны (1991 год) атрымаў II прэмію за сімфонію «Lux aeterna» для тэнара, хору і сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта, прэм’ера якой адбылася 21 сакавіка 1997 года падчас святкавання 1000-годдзя Гданьска (Сімфанічны аркестр Балтыцкай філармоніі, хоры Акадэміі музыкі і Гданьскага універсітэта, тэнар — Пётр Кусевіч, дырыжор — Зыгмунт Рыхарт).

У студзені 2000 года на Міжнародным конкурсе кампазітараў «Jihlava-2000» у Празе яго харавы цыкл «Пагода ўжо позняй восені» на словы Леапольда Стафа атрымаў II прэмію ў намінацыі «Творы для камернага хору». Прэм’ера цыкла адбылася ў 2002 годзе на 45 Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў Празе (Кракаўскі камерны хор, дырыжор — Моніка Бахоўска).

У 2002 годзе па замове Эксперыментальнай студыі Польскага Радыё ў Варшаве ім быў напісаны «Шлях у Аблокі II» для гобоя, ударных інструментаў і электронікі. У маі 2004 года гэты твор прадстаўляў Эксперыментальную студыю Польскага Радые на Міжнароднай трыбуне электраакустычнай музыкі ЮНЕСКА ў Рыме (ІRЕМ 2004).

Творы Я. Паплаўскага выконваліся на міжнародных фестывалях сучаснай музыкі ў Нідэрландах, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Польшчы, Аргенціне, Бразіліі, Расіі і ЗША.

Яўген Паплаўскі актыўна цікавіцца гісторыяй музычнага жыцця на Беларусі. Быў адным з заснавальнікаў і дырэктарам (да 1996) Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання «Беларуская Капэла» (створана ў 1992 годзе), мэтай якога з’яўляецца пошук, вывучэнне і ўвядзенне ў выканальніцкую практыку старадаўняй беларускай музыкі. Актыўна і плённа працаваў у архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска і Санкт-Пецярбурга. Знойдзеныя матэрыялы сталі асновай рэпертуару штогадовага фестывалю «Адраджэнне беларускай капэлы». Ен з’яўляецца аўтарам сцэнарыя балета «Тэагонія» (паводле Гесіёда, VIII ст. да н. э. ), у якім узноўлены прынцыпы тэатра (1748) Уршулі Радзівіл (1705—1753). Паводле яго драматургічнай ідэі ў 1995 годзе быў пастаўлены балет «Паланез» на музыку Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833).

Увесь час творца павінен эвалюцыяніраваць, змяняцца, як і ўсё ў гэтым жыцці. Мастацтва ўвогуле і музыка ў прыватнасці не спрошчваюцца, а, наадварот, ускладняюцца — як і інтэлект, як і душа чалавека, як і ўвесь Сусвет… Мастаку неабходна працаваць над сваім духам, пастаянна ўдасканальваць свой светапогляд. Творчасць — гэта нешта накшталт крышталя, у якога мноства граняў. А адна з такіх граняў — глыбокая духоўнасць, спалучаная з рэлігійным пачуццём і ўзнёсласцю.

Абразок Божай Маці
Пётр Сергіевіч. Абразок Божай Маці Поразаўскай

Цыкл «На Нараджэнне Хрыстова і Каляды» для змешанага хору без суправаджэння — гэта спроба дакрануцца да нечага таямнічага, сакральнага праз гарманічнае суаднясенне салістаў з хорам, акордавага і гамафонна-гарманічнага складу харавой фактуры, меладызацыі кожнай лініі. Музыка паэтычная, яна нясе ў сабе душэўную чысціню, шчырасць, непасрэднасць выказвання. Аўтар трактуе хор як своеасаблівы інструмент з новымі тэмбральнымі мажлівасцямі. Вельмі часта выкарыстоўвае прыём згушчэння і разрэджвання гукавой шчыльнасці. Для кожнай часткі знаходзіць арыгінальныя сродкі выразнасці. Улюбёнымі прыёмамі з’яўляюцца разнастайнае выкарыстанне divisi, а таксама выкарыстанне характэрных рэгістравых мажлівасцяў. Выбраны дастаткова спакойныя, павольныя тэмпы, і ў канцы некаторых спеваў запавольваецца рух. Справа ў тым, што Каданс у касцёльнай музыцы — гэта духоўны сімвал, свайго роду «амэн». Таму Каданс як вынік развіцця дапускае пашырэнне, запавольванне гучання.

Партытура вызначаецца аб’ёмнасцю гучання ў спалучэнні з празрыстым гукапісам, тонкімі харавымі фарбамі. Тэксты ўзяты з беларускага малітоўніка «Ойча наш… » (Мн.: ВУП «Выдавецтва «Про Хрысто», 2000).